Партыя прэм’ер-міністра Віктара Орбана FIDESZ пацярпела паражэнне на парламенцкіх выбарах у Венгрыі пасля 16 гадоў ва ўладзе.
Паводле дадзеных Нацыянальнай выбарчай камісіі, пасля падліку 98,94% галасоў партыя TISZA на чале з Петэрам Мадзьярам атрымлівае 138 мандатаў у 199-месным парламенце краіны. FIDESZ будзе мець толькі 55 дэпутатаў. Яшчэ шэсць месцаў у партыі Mi Hazánk.
За партыйны спіс TISZA прагаласавалі 53,07% выбаршчыкаў. У FIDESZ – 38,43% галасоў, а ў Mi Hazánk – 5,83%. Акрамя таго, кандыдаты TISZA перамаглі амаль ва ўсіх аднамандатных акругах. Яны выйгралі 93 з 106 мандатаў, якія размеркоўваюцца па мажарытарнай сістэме.
Яўка на выбарах была рэкорднай. Яна склала 79,56%.
Афіцыйныя вынікі выбараў павінны быць абвешчаны не пазней за 18 красавіка.
Віктар Орбан яшчэ ў нядзелю ўвечары прызнаў сваё паражэнне. Ён павіншаваў Петэра Мадзьяра з перамогай.
“Вынікі выбараў, хоць і не канчатковыя, зразумелыя і ясныя. Адказнасць і магчымасць кіраваць краінай нам не дасталіся. Я віншую пераможную партыю”, – сказаў Орбан, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі.

