Падрыхтоўку да будаўніцтва кальцавой лініі метро ў Мінску могуць пачаць сёлета. Пра гэта пішуць «Мінск-Навіны».
Паводле інфармацыі выдання, стартавы ўчастак будзе мець працягласць каля 4 км і ўключаць тры станцыі: «Максіма Багдановіча» (перасадачную), «Старавіленскі шлях» і «Вяснянку». Канструктыўныя рашэнні па дзвюх з іх ужо прынятыя, а па трэцяй — рыхтуюцца. Таксама распрацоўваюцца праекты па зносе будынкаў і збудаванняў і пераносе інжынерных сетак.
“Гэта неабходна для таго, каб вызваліць тэрыторыю для тунэлепраходчых механізаваных комплексаў «Алеся» і «Марыя». У перспектыве не выключана набыццё новых шчытоў. Прычым яны могуць быць і большага дыяметра, чым шасціметровыя «Алеся» і «Марыя» (у прыватнасці, 10 і 13 м).
Гэта дазволіць метрабудаўнікам вырашаць больш складаныя задачы. 10-метровы шчыт — двухпутны. У яго большыя аб’ёмы расходу бетону на абліцоўку тунэля, але меншае ўздзеянне на размешчаныя паблізу жылыя, адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі. А 13-метровы волат здольны нават змясціць збудаванне стандартнага платформеннага ўчастка станцыі”, — расказаў выданню дырэктар інстытута «Мінскметрапраект» Міхаіл Рудзько.
Тры станцыі новай лініі будуць мець глыбіню залягання ад 15 да 25 м. У іх будзе гранітная падлога, сцены будуць часткова пафарбаваныя або абліцаваныя керамагранітам. Ёсць канцэпцыі афармлення станцый. «Максіма Багдановіча» будзе аформлена з выкарыстаннем вобразаў вершаў паэта. «Старавіленскі шлях» адлюструе сучасны падыход да гарадской архітэктуры. Для «Вяснянкі» падрыхтавалі канцэпцыю абуджэння вясны.