Учора ў Анкары завяршыўся саміт NATO. Паводле слоў генеральнага сакратара Марка Рутэ, Альянс уз’яднаўся пасля рознагалоссяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. А вынікі саміту адназначна сведчаць — NATO дзейнічае эфектыўна. Аднак некаторыя нюансы прымушаюць ацэньваць сітуацыю не настолькі аптымістычна.
Напружанае чаканне
Чаканні напярэдадні саміту былі трывожнымі, як і яго пачатак. Зрэшты, так было і летась, калі лідараў дзяржаў — членаў NATO прымала Гаага. Нанава абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не хаваў скептыцызму ў дачыненні да Альянсу і ролі, якую вымушаныя адыгрываць у ім Злучаныя Штаты. Тады па дарозе на саміт Трамп даволі абцякальна выказаўся пра тое, ці маюць намер ЗША прытрымлівацца абавязацельстваў па ўзаемнай абароне, прадугледжаных артыкулам 5 Паўночнаатлантычнага дагавора.
Фіксаваўся і шэраг іншых супярэчнасцяў. Напрыклад, не супадала з еўрапейскай пазіцыя новай амерыканскай адміністрацыі ў дачыненні да расійскай агрэсіі супраць Украіны — ЗША выступалі супраць жорсткіх фармулёвак у выніковай дэкларацыі, паколькі Трамп меў намер хутка пакласці канец гэтай вайне, правёўшы перамовы з Уладзімірам Пуціным. Праз рознагалоссі з Трампам сустрэча G7, якая адбылася напярэдадні саміту NATO ў Гаазе, таксама завяршылася без агульнага камюніке аб падтрымцы Украіны.
Падчас саміту ў Гаазе еўрапейскія лідаары прыклалі нямала намаганняў, каб задобрыць Трампа. Урачыстая сустрэча, вячэра з каралеўскай парай Нідэрландаў, шматлікія пахвальныя кампліменты ад удзельнікаў. Нават канцэпцыя форуму была падагнаная пад прыярытэты прэзідэнта ЗША. Раней фармат самітаў NATO прадугледжваў тры пасяджэнні па дзве з паловай гадзіны, падчас якіх абмяркоўваліся геапалітычныя пытанні і стратэгія Альянсу. Але з-за нелюбові Дональда Трампа да працяглых сустрэч праграма летась была скарочаная да аднаго пасяджэння. У 2026 годзе арганізатары таксама аддалі перавагу падобнаму сцэнару — на 7 ліпеня ў Анкары была прызначаная вячэра, на якую чакалася прыбыццё прэзідэнта ЗША, а на 8 ліпеня — адзінае пасяджэнне ў рамках мерапрыемства.
Ключавым рашэннем саміту ў Гаазе стала абавязацельства дзяржаў — членаў NATO павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП да 2035 года.
За мінулы год адносіны шэрагу еўрапейскіх дзяржаў з амерыканскай адміністрацыяй заставаліся напружанымі па цэлым шэрагу праблем. Масла ў агонь дадалі і прэтэнзіі Трампа на Грэнландыю, і крыўда прэзідэнта ЗША на тое, што многія саюзнікі па NATO не падтрымалі яго ў вайне з Іранам, не даўшы згоды на выкарыстанне сваіх вайсковых баз і паветранай прасторы.
У красавіку ў інтэрв’ю The Telegraph Трамп заявіў, што разглядае магчымасць выхаду з NATO пасля таго, як Альянс не захацеў дапамагчы ЗША ў Іране. «Я заўсёды ведаў, што гэта (NATO — заўв. Reform.news) — папяровы тыгр, і Пуцін, дарэчы, таксама гэта ведае», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Незадоўга да саміту ў Анкары Трамп выступаў з нападкамі на прэм’ер-міністра Італіі Джорджу Мелоні — адзіную з лідараў краін ЕС, якая прысутнічала на цырымоніі яго інаўгурацыі ў студзені 2025 года. А яшчэ прэзідэнт ЗША абвясціў пра адстаўку прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера раней, чым той паспеў зрабіць гэта сам. Міністр абароны ЗША Піт Хегсет, выступаючы перад міністрамі абароны краін NATO, паабяцаў: Вашынгтон мае намер скараціць вайсковую прысутнасць у тых еўрапейскіх краінах, якія не ўносяць «справядлівы ўклад» у дзейнасць Альянсу.
Незадоўга да саміту ў Анкары ўдзел у ім Трампа ўсё яшчэ заставаўся пад пытаннем. Напрыканцы чэрвеня генсек Альянсу Марк Рутэ асабіста адправіўся ў Вашынгтон. На думку назіральнікаў — каб угаварыць прэзідэнта ЗША прыняць удзел у мерапрыемстве. Місія аказалася паспяховай — на сумеснай прэс-канферэнцыі з Рутэ Трамп абвясціў пра рашэнне адправіцца на саміт у сталіцу Турцыі.
Ад «безнадзейнай» Іспаніі да «атмасферы любові»
Пачатак саміту — 2026 быў азмрочаны новым вітком амерыкана-іранскага супрацьстаяння — у адказ на атакі супраць камерцыйных суднаў, распачатыя іранскім бокам у панядзелак у Армузскім праліве, ЗША нанеслі серыю ўдараў па Іране. Каментуючы рашэнне аб аднаўленні ўдараў, Дональд Трамп назваў перамовы з Тэгеранам «марнай тратай часу», а кіраўніцтва гэтай краіны — «хворымі людзьмі».
У выніку, на думку журналістаў Axios, «старанна спланаваны саміт у Анкары ператварыўся ў шоу Трампа, а парадак дня быў выцеснены крыўдай прэзідэнта на саюзнікаў, якія не ўдзельнічалі ў вайне з Іранам».
Так, прэзідэнт ЗША выступіў з пагрозамі спыніць гандаль з Іспаніяй, назваўшы краіну «жахлівым партнёрам» і «безнадзейнай» праз адмову Мадрыда дазволіць ЗША выкарыстоўваць свае вайсковыя базы для нанясення ўдараў па Іране. Акрамя таго, Трамп зноў згадаў на саміце пра жаданне набыць у Даніі Грэнландыю.
Як піша Politico, у першыя гадзіны саміту Трамп публічна крытыкаваў Альянс і пералічваў свае прэтэнзіі да яго, што прымушала саюзнікаў асцерагацца найгоршага. Аднак затым настрой прэзідэнта ЗША, як і яго стаўленне да таго, што адбываецца, змяніліся. І прэзідэнт ЗША рабіў ужо супрацьлеглыя заявы.
«Гэта было некалькі нечакана, настрой у зале стаў значна лепшы, чым раней», — расказаў адзін з суразмоўцаў выдання. «Падобна, яго настрой змяніўся».
Reuters са спасылкай на крыніцу, знаёмую са зместам размоў за зачыненымі дзвярыма, паведаміла — падчас перамоў прэзідэнт ЗША ўжо не выказваў прэтэнзій да партнёраў і запэўніваў іх у тым, што Злучаныя Штаты не маюць намеру пакідаць Альянс. «Мы хочам застацца з вамі», — заявіў Трамп.
Прэзідэнт ЗША шмат гаварыў пра баяздольнасць амерыканскіх узброеных сіл і дзякаваў лідарам Польшчы, Германіі, краін Балтыі і Нарвегіі за іх уклад у Альянс.
Крыху пазней, перад асобнымі перамовамі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, які таксама прыляцеў у Анкару, Трамп заявіў: «У нас толькі што адбылася сустрэча NATO, і гэта была выдатная сустрэча. Гэта была выдатная сустрэча, у зале панавала атмасфера любові», — так апісваў свае ўражанні ад саміту амерыканскі лідар.
«Ім падабаецца мая праца. Яны сказалі: „Мы любім вас, сэр, мы любім вас“. Гэта кажуць дарослыя людзі, хіба гэта не прыемна?» — заявіў Трамп па заканчэнні саміту. Ужо на борце самалёта, пакідаючы Анкару, прэзідэнт ЗША расказаў, што Іспанія «выправілася».
Зрэшты, калі ад жорсткай крытыкі саюзнікаў да «атмасферы любові» Трампу дастаткова некалькіх гадзін, то роўна столькі ж можа аддзяляць прэзідэнта ЗША ад вяртання да ранейшай рыторыкі. Таму, як адзначаюць многія назіральнікі, галоўны вынік саміту просты і складаны адначасова: дзяржавам — членам NATO неабходна клапаціцца пра сябе самастойна, менш разлічваючы на дапамогу ЗША.
«Мне надакучыла панікаваць з-за Трампа», — заявіў Politico высокапастаўлены дыпламат NATO, якому для свабоднага выказвання была прадастаўленая ананімнасць. «Мы павінны рабіць усё самі».
«Пасля таго, што адбываецца ў Іране і Украіне, мы найперш павінны нарошчваць уласную вайсковую моц, і тады нас будуць паважаць усе: амерыканцы, расіяне, іранцы ці кітайцы», — так пракаментаваў выданню ход саміту адзін з высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў.
Паводле слоў канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца, павелічэнне выдаткаў на абарону адпавядае інтарэсам самой Еўропы.
«NATO 3.0»
Нягледзячы на цяперашнія шурпатасці, саміт завяршыўся дэманстрацыяй згуртаванасці. А генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў пра ўз’яднанне Альянсу пасля рознагалоссяў з Трампам.
У выніковай дэкларацыі кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Паўночнаатлантычнага альянсу пацвердзілі «непахісную прыхільнасць калектыўнай абароне ў адпаведнасці з артыкулам 5 Вашынгтонскага дагавора і трансатлантычным сувязям». Напад на аднаго члена Альянсу прыраўноўваецца да нападу на ўсіх.
Дакумент канстатуе: Расія ўяўляе доўгатэрміновую пагрозу для еўраатлантычнай бяспекі і стабільнасці. Для процідзеяння гэтаму, гэтак жа як і пастаяннай пагрозе тэрарызму, саюзнікі працягнуць выконваць узятыя на сябе ў Гаазе абавязацельствы па абароне.
Паводле апублікаваных NATO даных, летась еўрапейскія члены Альянсу і Канада павялічылі выдаткі на абарону на 20%. А ў 2026 годзе плануюць павялічыць іх яшчэ на 11%. Гэта азначае, што на долю 31 саюзніка сёння прыпадае 43% ад агульных выдаткаў Альянсу на абарону.
Паводле слоў генсека NATO Марка Рутэ, «гудзенне станкоў павінна ператварыцца ў роў», і дзяржавы — члены Альянсу нарошчваюць абаронна-прамысловую вытворчасць. «Мы мяняем баланс нашай бяспекі на лепшае, і менавіта ў гэтым заключаецца сутнасць NATO 3.0», — сказаў ён.
У Анкары было абвешчана пра новыя закупкі ўзбраенняў на суму больш за 50 мільярдаў долараў. Акрамя таго, члены Альянсу абавязаліся пашыраць калектыўныя абаронныя вытворчыя магутнасці. Еўрапейскія саюзнікі і Канада, працуючы са Злучанымі Штатамі, бяруць на сябе большую адказнасць за абарону Альянсу.
На форуме абароннай прамысловасці ў рамках саміту NATO было абвешчана пра новыя пагадненні аб закупцы ўзбраенняў на суму больш за 50 мільярдаў еўра. Саюзнікі запускаюць праграму «Drone Edge» — буйную ініцыятыву, у рамках якой на працягу наступных пяці гадоў 40 мільярдаў долараў ЗША будзе інвеставана ў сістэмы супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам.
Інвестыцыі ў памеры 27 мільярдаў еўра будуць накіраваныя на стварэнне і мадэрнізацыю існай інфраструктуры захоўвання і размеркавання паліва, у тым ліку трубаправодаў на ўсходніх рубяжах Альянсу. Гэтыя меры закліканыя забяспечыць сілам NATO неабходныя для баявой гатоўнасці энергетычныя рэсурсы.
«Адным з ключавых вынікаў гэтага саміту з’яўляецца перакваліфікацыя місіі NATO па патруляванні паветранай прасторы ў місію NATO па супрацьпаветранай абароне», — заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Знішчальнікі Альянсу ўжо збівалі БПЛА ў небе Эстоніі і Латвіі, але са зменай фармату місіі такія рашэнні могуць прымацца часцей.
Акрамя таго, саюзнікі зноў заявілі, што Іран ніколі не павінен валодаць ядзернай зброяй, і заклікалі ўлады гэтай краіны ў поўнай меры паважаць свабоду суднаходства ў Армузскім праліве.
Patriot для Украіны
У выніковай дэкларацыі гаворыцца пра тое, што Украіна «ўносіць уклад у трансатлантычную бяспеку». Краіны NATO пацвердзілі непахісную падтрымку Украіны, абавязаўшыся надаць ёй вайсковую тэхніку, дапамогу і навучанне на суму не менш за 70 мільярдаў еўра як у бягучым, так і ў наступным годзе. Рутэ заявіў: NATO працягне забяспечваць Украіну ўсім неабходным.
Для Кіева саміт NATO, які прайшоў у Анкары, можна лічыць удалым. На палях саміту прэзідэнты Трамп і Зяленскі правялі перамовы. Пасля іх на сумеснай прэс-канферэнцыі лідар ЗША зрабіў важную заяву.
«Мы збіраемся даць вам ліцэнзію на вытворчасць Patriot. Гэта даволі крута, праўда? Такім чынам, вы не зможаце скардзіцца, што мы не даём вам дастаткова. Вырабляйце іх самі», — заявіў Трамп.
Прэзідэнт ЗША адзначыў, што яго адміністрацыя яшчэ не паведаміла пра гэта кампаніям, якія вырабляюць Patriot, але, на яго думку, «усё будзе добра».
«Я ўпэўнены, яны будуць у захапленні», — сказаў Трамп.
Гэтае рашэнне, калі яно будзе ўвасобленае ў жыццё, стане надзвычай важным для Украіны, паколькі дапаможа ёй значна ўмацаваць супрацьракетную абарону.
«Я ўдзячны за тое, што асаблівая ўвага была нададзеная ўмацаванню супрацьпаветранай абароны Украіны для лепшай абароны жыцця людзей. Мы з прэзідэнтам Трампам абмеркавалі некаторыя ідэі, якія маглі б умацаваць нашы пазіцыі і наблізіць мір», — напісаў пасля перамоў з Трампам Зяленскі ў сетцы Х.
«Мы таксама гаварылі пра дыпламатыю — мы стараемся дасягнуць поспеху. Мы будзем працягваць плённа працаваць, каб гэта адбылося», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Як піша BBC, амерыканскія чыноўнікі без асуджэння выказаліся і пра ўдары Украіны ўнутры расійскіх межаў, якія прывялі да паліўнага крызісу ў Расіі.
«Я думаю, гэта адна з дынамік, якія змяніліся ў гэтай вайне за апошнія некалькі месяцаў, а менавіта — расіянам стала цяжэй абараняць уласную паветраную прастору. І мы спадзяёмся, што гэта створыць умовы для перамоў аб спыненні гэтай вайны», — сказаў кіраўнік Дзярждэпа Марка Рубіа.
У цэлым найгоршыя прагнозы адносна перспектыў чарговага саміту NATO ўсё ж не спраўдзіліся. «Стрыманы аптымізм» — так ацэньвае яго вынікі большасць назіральнікаў. Але ці надоўга пераадоленыя, а хутчэй часова замеценыя пад дыван супярэчнасці паміж ЗША і іх саюзнікамі па Альянсе? На колькі хопіць рашучасці Еўропы інвеставаць немалыя рэсурсы ва ўласную бяспеку і які ўплыў на гэта акажуць палітычныя працэсы, што адбываюцца ў шэрагу краін ЕС? Адказы на гэтыя пытанні дасць толькі час.
Што да пераадоленых супярэчнасцяў, то наступны саміт NATO павінен адбыцца праз год у албанскай Тыране. Але яго правядзенне ўжо пад пытаннем. Паводле інфармацыі Reuters, Альянс разглядае магчымасць спынення практыкі правядзення штогадовых самітаў, паколькі гэта магло б прадухіліць патэнцыйна напружаную сустрэчу з Трампам напрыканцы яго прэзідэнцкага тэрміну. І гэта ставіць пад сумнеў запэўніванні Марка Рутэ пра тое, што ўз’яднанне NATO адбылося.
Падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news