ЗША і Іран абмяняліся новымі ўдарамі. Нафта даражэе

Галоўнае
Фото: U.S. Central Command

ЗША і Іран абмяняліся новымі ўдарамі. Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі заяўляе пра закрыццё Армузскага праліва і атакуе гандлёвыя судны.

“Цэнтральнае камандаванне ЗША завяршыла новую хвалю наступальных удараў па Іране, уразіўшы дзясяткі цэляў у розных месцах высокадакладнымі боепрыпасамі, каб аслабіць здольнасць Ірана працягваць атакаваць міжнародныя судны, якія праходзяць праз Армузскі праліў”, — гаворыцца ў паведамленні амерыканскай арміі.

Цэлямі сталі іранскія сістэмы супрацьпаветранай абароны, берагавыя радыёлакацыйныя станцыі, ракетныя і беспілотныя комплексы, малыя судны.

“Армузскі праліў з’яўляецца жыццёва важным марскім калідорам для сусветнага гандлю. Іран яго не кантралюе”, — падкрэслілі ў Цэнтральным камандаванні.

Іран, у сваю чаргу, атакаваў амерыканскія аб’екты ў шасці дзяржавах рэгіёна. Пад ударам апынуліся базы ў Катары, Амане, ААЭ, Іарданіі, Бахрэйне і Кувейце.

«Усяго праз 25 дзён пасля падпісання пагаднення аб спыненні агню амерыканскі рэжым адкрыта парушыў практычна ўсе яго пункты, нанёсшы ўдары па транспартнай інфраструктуры Ірана, рыбалоўных і грузавых суднах, а таксама па аб’ектах метэаралагічнай службы», — заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Ірана.

У міністэрстве таксама вынеслі папярэджанні дзяржавам Персідскага заліва, нагадаўшы, што суседнія краіны абавязаныя не дапускаць выкарыстання сваёй тэрыторыі для агрэсіі супраць трэціх асоб, у адваротным выпадку любыя пункты базавання і месцы вылету стануць «законнымі цэлямі для абарончых удараў узброеных сіл Ірана».

Удары па аб’ектах у краінах Персідскага заліва іранскі бок працягвае і ў панядзелак раніцай.

На фоне эскалацыі нафтавыя каціроўкі пайшлі ўверх. Сёння раніцай найбліжэйшы ф’ючарс на нафту маркі Brent гандлюецца даражэй за 79 долараў за бараль. У параўнанні з закрыццём таргоў у пятніцу ён падаражэў на 4,08%. Таксама на 4,11% падаражэла амерыканская нафта WTI, якая каштуе больш за 74 долары за бараль.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.