Офіс Ціханоўскай і Міжнародны гуманітарны фонд плануюць павялічыць колькасць краін-донараў. Пра гэта заявіў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі па выніках сустрэчы з кіраўніцай МГФ Берыт Ліндэман.
“Пашырэнне кола краін-донараў Міжнароднага гуманітарнага фонду — адзін з ключавых спосабаў дапамагчы беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Сёння фонд падтрымліваюць 13 дзяржаў. Але мэта Офіса і міжнароднага аддзела ў прыватнасці — пашырыць гэтае кола і прыцягнуць яшчэ больш партнёраў — як мінімум 15 краін да канца года. Чым больш краін будуць удзельнічаць у гэтай ініцыятыве, тым больш людзей змогуць атрымаць неабходную дапамогу і падтрымку”, — пракаментаваў Кучынскі.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалі вынікі працы фонду за апошнія два гады, падтрымку былых палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў, а таксама стратэгію далейшай працы.
МГФ быў створаны ў Нарвегіі ў 2024 годзе па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай. Сёння ён з’яўляецца адным з ключавых механізмаў дапамогі. Фонд таксама супрацоўнічае з беларускімі арганізаямі: «Вольныя», «Краіна для жыцця», INeedHelpBY, Dissidentby. У снежні 2025 года МГФ выдзеліў больш за 200 тыс. еўра на першачарговыя патрэбы для 123 палітвязняў, якія былі высланы з Беларусі.
За час працы фонд атрымаў ад краін-донараў больш за 3 млн еўра.
Дзяніс Кучынскі падзякаваў фонду і краінам-донарам за паслядоўную падтрымку беларусаў і адзначыў, што дапамога палітвязням і рэпрэсаваным застаецца адным з галоўных прыярытэтаў.