Мадзьяр хоча бачыць прэзідэнтам Венгрыі вядомую шахматыстку

Навіны
Фото: wikimedia.org

Прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр хацеў бы бачыць прэзідэнткай краіны вядомую шахматыстку Юдзіт Полгар.

«Нашай краіне патрэбныя адзінства, мір і прэзідэнт, якім мог бы ганарыцца кожны венгр. Прэзідэнцтва рэспублікі — гэта не праца, не працоўнае месца, а найвышэйшае служэнне. Задача прэзідэнта — служыць і прадстаўляць усіх венграў.

Юдзіт Полгар, якую сёння рэкамендуюць на пасаду прэзідэнта рэспублікі прызнаныя дзеячы венгерскага грамадскага жыцця, — менавіта такі чалавек, таму я сустрэнуся з ёй заўтра і спытаю, ці гатовая яна служыць нашай краіне ў новай ролі да прыняцця новай Канстытуцыі», — напісаў ён у нядзелю.

Мадзьяр дадаў, што лічыў бы вялікім гонарам, калі б Полгар пагадзілася. Раней яна не была звязаная з палітычнай дзейнасцю.

Нагадаем, пасля перамогі на парламенцкіх выбарах партыя Мадзьяра дамагалася адстаўкі прэзідэнта Венгрыі Тамаша Шуёка. У суботу ён падпісаў папраўку ў Канстытуцыю, раней прынятую парламентам, якая спыняе яго паўнамоцтвы.

Выконваць абавязкі прэзідэнта пакуль будзе старшыня парламента Агнеш Форстхофер. Папраўка таксама прадугледжвае, што пасля ўступлення яе ў сілу, да прыняцця новай Канстытуцыі, але не больш як на пяць гадоў, парламент абірае новага прэзідэнта. Партыя TISZA Мадзьяра мае большасць у парламенце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.