Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняга нарады па развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці прызнаўся чыноўнікам, што не ведае, да чаго рыхтавацца. Так ён вырашыў мабілізаваць іх на новыя здзяйсненні.
“Нам трэба мабілізавацца цяпер, каб перажыць гэты складаны час. Прытым незразумелы час. Я як Прэзідэнт не ведаю, да чаго вас рыхтаваць. Вось працуем, каб жыць. Адзін лозунг: “Працуем, каб жыць”. Не проста выжыць, а каб жыць. А што далей? А далей ніхто не ведае, што адбудзецца, што там выкінуць моцныя свету гэтага”, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Як звычайна ён акцэнтаваў увагу на эканоміцы.
«Стварэнне ўмоў для грамадзян, а потым – эканоміка. Хлопцы, так не будзе. Гэта мы ўжо разбалавалі сваіх людзей. Будзе эканоміка – будуць грамадзяне жыць нармальна. Наперадзе – эканоміка, вытворчасць. Будзе вытворчасць – будуць людзі працаваць, зарплата, будуць людзі лепш жыць. А ў нас утрыманства вельмі моцна развіта», – сказаў ён.
“Трэба, каб людзі разумелі, як будзем дзейнічаць далей, пакуль цяперашні Прэзідэнт. Прыйдзе новы Прэзідэнт, як ён сябе зарэкамендуе? Ці будзе такі аўтарытэт улады, як цяпер? Таму цяпер трэба зрабіць тое, што мы павінны зрабіць. Трэба паскарацца, трэба рабіць, трэба дзейнічаць. Трэба стварыць краіну, якую мы перададзім новым пакаленням”, – дадаў ён.
Раней Лукашэнка двойчы выдаваў указы па развіцці тэрыторый Крычаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Адпаведныя праграмы прымаліся ў 2015 і 2020 гадах.
За гэты час, паводле даных Магілёўскага аблвыканкама, інвестыцыі ў асноўны капітал у гэтых раёнах склалі 3,2 млрд рублёў. Былі пабудаваны завод па вытворчасці цэментна-стружачных пліт у Крычаўскім раёне, свінакомплекс і рэпрадуктар у Слаўгарадскім і Клімавіцкім раёнах, комплексы па вытворчасці вясёлкавай фарэлі ў Краснапольскім і Хоцімскім раёнах, рыбаводны комплекс па вытворчасці аплодненай ікры вясёлкавай фарэлі ў Чэрыкаўскім раёне. Цяпер жа прапануецца прыняць праграму яшчэ на пяць гадоў.
Аляксандр Лукашэнка, ацэньваючы вынікі рэалізацыі папярэдніх праграм, адзначыў, што вынік аказаўся не тым, на які ён разлічваў.
“Сем раёнаў мы, на жаль, ледзь не загубілі. Шмат што загубілі, але трэба падымаць гэтыя раёны. Пяць гадоў вам было дадзена. Але гэта не той вынік, на які асабіста я разлічваў. Мы, напэўна, праграму пяцігодкі паўднёва-ўсходу вызначым, але яна павінна быць выключна канкрэтнай”, – сказаў ён.
Ён лічыць, што на гэты раз праграма павінна быць максімальна канкрэтнай.
“Самы вялікі недахоп у тым, што мы вызначаем у праграме толькі канцэптуальныя напрамкі дзеянняў. Канцэпцыя, тэорыя і іншыя напрамкі дзеянняў… А трэба, як было ў самыя складаныя, нескладаныя савецкія часы, – план”, – сказаў ён.
Перад нарадай ён наведаў рыбгас “Палуж”. Прадпрыемства Лукашэнку спадабалася. Як звычайна, ён прапанаваў максімальна яго тыражаваць.
“Можа, адна з ідэй – нічога не выдумляць, а пабудаваць на паўднёва-ўсходзе не адно такое рыбаводчае гаспадарства. З улікам невялікай колькасці рэсурсаў, з улікам таго, што мы ведаем, шышкі набілі на гэтай будоўлі, мы ведаем, як будаваць”, – сказаў ён
“Бульбашы, бульбу ядзім. Але да бульбы патрэбна рыба. Не толькі мяса і малако”, – дадаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, аблвыканкам павінен даручыць старшыням райвыканкамаў працу па развіцці, “яны павінны варушыцца на месцы і адказваць за канкрэтныя планы”.
Лукашэнка таксама пацікавіўся, наколькі рэальныя прапанаваныя яму планы.
“Пад гэта мы знойдзем адпаведныя крэдытныя рэсурсы. Бясплатных грошай, хлопцы, не бывае. Вы ж кіраўнікі, вы разумееце. Але гэта павінны быць пад’ёмныя крэдытныя рэсурсы. Мы маем такую магчымасць – не толькі вам на паўднёва-ўсходзе, але па ўсёй краіне, дзе будзем рэалізоўваць гэтую праграму і іншыя хуткаакупныя праграмы, – выдзяліць недарагія рэсурсы, але зваротныя.
З фінансаваннем мы вам дапаможам. Гэта будуць крэдыты, пад’ёмныя, зваротныя. Можа, з інвестараў хтосьці рызыкне ўкласціся. Я, напрыклад, у такія прадпрыемствы, будучы інвестарам, маючы грошы, з задавальненнем бы ўклаўся. Рэнтабельнасць вельмі прыстойная. Кампактная, нармальная гаспадарка”, – сказаў ён.
