Беларускі праект «Official. Unofficial. Belarus» адкрыўся на 61-й Венецыянскай біенале ў паралельнай праграме.
Выстава ад Беларускага свабоднага тэатра размясцілася ў старадаўнім касцёле Сан-Джавані Эвангеліста, аб’яднаўшы працы Уладзіміра Цэслера, Вольгі Падгайскай, Сяргея Грыневіча, Мікалая Халезіна і Расмуса Мунка.

Касцёл – складаная прастора, і праект куратаркі Даніэлы Каляды падтрымлівае рэлігійныя матывы, стварыўшы пры гэтым «архітэктуру сачэння і кантролю», паўтаральны, навязлівы элемент якой – камера відэаназірання. Яшчэ адна адсылка да рэлігійнай прасторы, якая, праўда, даўно дэсакралізавана, – арган, на якім кампазітарка Вольга Падгайская выконвае свой твор – 20-хвілінны саундскейп, дзе моцныя крэшчэнда змяняюцца рэзануючай цішынёй.


Ідэя «Official. Unofficial. Belarus» – перанесці гледача ў атмасферу несвабоды, адчувальную праз усе органы пачуццяў. Такім чынам, гэты праект – імерсійны, яго мэта – цалкам і амаль літаральна «захапіць» гледача. У ім ёсць музыка, пах магілы ў беларускай вёсцы, а дацкі шэф-кухар Расмус Мунк прыдумаў страву, якая на смак перадае досвед арышту і страх ізаляцыі. Таксама дотык: можна крануць пшанічнае поле. Карціна з пшанічным полем Сяргея Грыневіча вісіць побач з 3D-версіяй, сабранай са складзеных сцяблін. На гэтым полі каласы не «пад сярпом», а пад абрадавымі «павукамі» Уладзіміра Цэслера, зробленымі не з саломы, а з турэмных рашотак.




Сяргей Грыневіч паказвае яшчэ некалькі жывапісных прац на агульную тэму – падпарадкаванне, прыгнёт, кантроль. Тэма сёння не толькі беларуская, яна закранае многіх гледачоў з розных краін.
У цэнтры экспазіцыі — 2,5-метровая сфера, створаная паводле ідэі Мікалая Халезіна: яна складзена з кніг, якія сёння забароненыя ў Беларусі і ў розных краінах свету.

Венецыянскае біенале – двухгадовая прадстаўнічая сусветная выстава, фармат якой за 120 гадоў даволі складзены. На імпрэзе нездарма кіпяць палітычныя жарсці, таму што за нацыянальныя павільёны адказваюць міністэрствы культуры краін-удзельніц, мастацтва якіх становіцца своеасаблівай вітрынай ці пасланнем, часта выразна палітычным. Беларусь не ўдзельнічае ў біенале пасля падзей 2020-га, калі беларускі адбор для Нацыянальнага павільёна быў абвешчаны, а пасля раптоўна адменены міністэрствам культуры РБ.

«Official. Unofficial. Belarus» – неафіцыйны нацыянальны павільён – гэта не дзяржаўнае прадстаўніцтва. Праект выйграў вельмі паважны біенальны конкурс, і наша краіна цяпер прадстаўлена беларускай незалежнай культурай.
«Беларуская незалежная культура, а не рэжым — валодае культурным аўтарытэтам. Мы, калектыў беларускіх мастакоў, усе цяпер у выгнанні, паходзім з краіны мастакоў сусветнага ўзроўню, мысляроў і культурных інаватараў, і мы ганарымся тым, што паказваем сваю радзіму свету праз іх прызму, а не так, як яе вызначае дзяржава», — падсумала ў адным з інтэрв’ю сузаснавальціца Свабоднага тэатра Наталля Каляда.
Для шырокага кола гледачоў біенале адкрываецца 9 траўня і будзе працаваць да 22 лістапада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram