На папулярным пляжы Бонды ў аўстралійскім Сіднэі ўвечары ў нядзелю адбылася страляніна. Паводле папярэдніх звестак, было зроблена некалькі дзясяткаў стрэлаў, ёсць загінулыя і пацярпелыя, піша Sydney Morning Herald.
Каля 18:40 па мясцовым часе жыхары паведамілі пра вялікую колькасць паліцэйскіх машын, якія прыбылі ў раён, а таксама пра сотні людзей, што ў паніцы пакідалі пляж. Відавочцы сцвярджаюць, што чулі да 50 стрэлаў, а на зямлі каля Кэмпбел-Пэрэйд знаходзіліся параненыя.
Мясцовы жыхар Гары Уілсан, які стаў сведкам здарэння, паведаміў, што бачыў не менш за дзесяць чалавек, якія ляжалі на зямлі, і вялікую колькасць крыві.
Паводле папярэдніх звестак, адзін з меркаваных стралкоў быў застрэлены супрацоўнікамі праваахоўных органаў, другі затрыманы. Паліцэйская аперацыя працягваецца.
Паліцыя заклікала жыхароў і турыстаў пазбягаць раёна здарэння і строга выконваць указанні праваахоўных органаў. У сацыяльных сетках з’явіліся відэазапісы відавочцаў, на якіх відаць, як людзі аказваюць першую дапамогу і праводзяць сардэчна-лёгачную рэанімацыю пацярпелым на пляжы. На кадрах таксама заўважныя страляныя гільзы і сляды крыві.
Прэм’ер-міністр Аўстраліі Энтані Албанезе выступіў з заявай, назваўшы тое, што адбылося, «шакуючым». Ён адзначыў, што паліцыя і экстраныя службы знаходзяцца на месцы і робяць усё магчымае для выратавання жыццяў, а таксама заклікаў грамадзян кіравацца афіцыйнай інфармацыяй ад паліцыі Новага Паўднёвага Уэльса.
Паводле інфармацыі Times of Israel, на пляжы Бонды праходзіла мерапрыемства ў гонар Ханукі, на якім прысутнічала каля 2000 чалавек.
WATCH: Bystander disarms active shooter at Bondi Beach in Sydney pic.twitter.com/g7lrayGWYr
— BNO News (@BNONews) December 14, 2025