МЗС Украіны: Расія свядома ператварае Беларусь у саўдзельніка ядзернага шантажу

Галоўнае
МИД Украины. Фото: Reform.by

Міністэрства замежных спраў Украіны назвало ядзерныя вучэнні Беларусі і Расіі выклікам для глабальнай бяспекі і заклікала ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да Мінска і Масквы.

«Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і сумесныя ядзерныя вучэнні дзвюх дыктатур з’яўляюцца беспрэцэдэнтным выклікам для архітэктуры глабальнай бяспекі.

Сумесная адпрацоўка ўдараў наўпрост парушае фундаментальныя Артыкулы 1 і 2 Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ), якія строга забараняюць ядзерным дзяржавам перадаваць кантроль над тэхналогіямі масавага паражэння, а неядзерным падпісантам — прымаць яго», — гаворыцца ў каментары МЗС Украіны.

Украіна адзначае, што Расія свядома робіць з Беларусі саўдзельніка ядзернага шантажу.

«Ператвараючы Беларусь у свой ядзерны плацдарм каля межаў НАТА, Крэмль дэ-факта легітымізуе распаўсюджванне ядзерных узбраенняў у свеце і стварае небяспечны прэцэдэнт для іншых аўтарытарных рэжымаў. Такія дзеянні павінны атрымаць адназначнае і жорсткае асуджэнне з боку ўсіх дзяржаў, якія паважаюць рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі.

Мілітарызацыя Беларусі не толькі падрывае давер да міжнароднага права, але і канчаткова ператварае Мінск у саўдзельніка расійскага ядзернага шантажу», — заяўляе ўкраінскае МЗС.

Украіна лічыць, што дзеянні Расіі і Беларусі не павінны заставацца без адказу, а санкцыі ў дачыненні да Масквы і Мінска павінны быць узмоцненыя.

«Нахабства Масквы і Мінска, якія свядома пераступілі ўсе «чырвоныя лініі» ДНЯЗ, не можа заставацца без жорсткага кансалідаванага адказу і сістэмнага стрымлівання абодвух рэжымаў з боку еўраатлантычнай супольнасці і ўсяго свету.

Эфектыўны адказ на расійска-беларускае бразганне зброяй каля межаў НАТА павінен уключаць рэзкае ўзмацненне санкцыйнага ціску на Маскву і Мінск, істотнае павелічэнне падтрымкі Украіны, якая непасрэдна стрымлівае абодва рэжымы ад далейшай экспансіі ў Еўропе, нарошчванне прысутнасці саюзнікаў на ўсходнім флангу НАТА і паглыбленне ўзаемадзеяння ў сферы бяспекі з Украінай», — гаворыцца ў каментары.

18 мая Мінабароны Беларусі абвясціла пра пачатак трэніроўкі вайсковых частак баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. Трэніроўка праходзіць з прыцягненнем ракетных войскаў і авіяцыі ва ўзаемадзеянні з Расіяй. Плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да прымянення.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.