Міжнародны фестываль? Выклалі праграму маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.контакт»

Культура
Будынак Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра падчас тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт». Фота: t.me/minkultrb

Пачаўся продаж квіткоў на спектаклі Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.контакт», які традыцыйна пройдзе ў Магілёве з 20 па 27 сакавіка.

На фестывальнай сцэне будзе прадстаўлена класіка, якая «дыхае сённяшнім днём — пранізліва, канцэптуальна і сучасна», – заяўляюць арганізатары. Класіка – гэта творы Булгакава, Гогаля і Пушкіна, якія пераасэнсоўваюцца і ў беларускіх тэатрах таксама.

У праграму форуму ўвайшлі 17 спектакляў. Беларусь прадставяць шэсць тэатраў з Мінска, Магілёва і Гродна, ад Расіі заяўлены дзесяць калектываў.

Трэцяя краіна-ўдзельнік форуму – Казахстан: Рускі драматычны тэатр імя Дастаеўскага пакажа спектакль «Чэхаў. Вадэвілі». Гэты тэатр – сярод пяці дэбютантаў, упершыню запрошаных на магілёўскую пляцоўку.

Міжнародны фестываль? Выклалі праграму маладзёжнага тэатральнага форума «М.@rt.контакт»

Паводле еўрапейскай класікі спектакль пакажа Магілёўскі абласны тэатр лялек: калектыў удзельнічае з «Дон Кіхотам».

Па традыцыі ў праграму форума ўключаны і адзін беларускамоўны спектакль, гэтым разам – «Хутар» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, вобразнае пераасэнсаванне знакамітай аповесці Васіля Быкава «Знак бяды».

Нагадаем, што «М.@rt.контакт» ладзіцца з 2006 года, да 2020 года ён праходзіў пад кіраўніцтвам дырэктара тэатра Андрэя Новікава і сапраўды быў міжнародным. Для параўнання: у 2019 годзе на «М.@rt.кантакт» прыехалі 23 тэатры і незалежныя тэатральныя калектывы з дзесяці краін.

Заснавальнікамі форуму з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. Тэатральны фестываль, паводле статута, ствараўся з мэтай «узбагачэння нацыянальнай культуры перадавым міжнародным вопытам, стымулявання творчай ініцыятывы; развіцця і ўмацавання міжнародных культурных сувязяў, абмен духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі». Відавочна, што сёння «перадавы міжнародны вопыт» чэрпаецца толькі з адной крыніцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны