Мінскі гарадскі суд у парадку спецвытворчасці вынес завочны прысуд абвінавачаным. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Разгляд справы ў дачыненні да Андрэя Балмакова, Яўгеніі Тачыцкай, Кацярыны Востравай, Антаніны Найдовіч пачалі напрыканцы красавіка.
Усім ім інкрымінавана ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а Антаніне дадаткова — арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэкса.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Яўгеніі Тачыцкай прызначылі пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі. Раней яе ўжо завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі. У выніку агульнае пакаранне для яе склала 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 67 тыс. рублёў.
Кацярыне Востравай было прызначана пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 27 тыс. рублёў.
Антаніну Найдовіч асудзілі на 6 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у 29 250 рублёў.
Прысуд Андрэю Балмакову невядомы.
