Жыхар Мінска атрымаў два гады «хіміі» і буйны штраф за каментар пра супрацоўнікаў ДАІ ў сацсетках.
23-гадовы мінчанін напісаў у каментарах да відэа, што яго ледзь не збіў аўтамабіль ДАІ, і назваў супрацоўнікаў «недалюдзьмі».
«Вадзіцель на аўто ДАІ, ішлі з дзяўчынай ледзь не збілі, трэба звярнуцца ў адпаведныя каб не пускалі гэты штат з двух недалюдзей у аўтобусе», — напісаў ён (пунктуацыя і арфаграфія захаваныя).
На відэа, пад якім з’явіўся каментар, супрацоўнікі ДАІ пераследавалі па тратуары падлеткаў, якія ехалі ўдваіх на самакатах з хуткасцю больш за 40 км/г.
У дачыненні да мужчыны ўзбудзілі крымінальную справу. ГУУС Мінгарвыканкама падкрэслівае, што ён чатыры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за безбілетны праезд і пяць разоў — па лініі ДАІ. Ён быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў за тое, што перадаў кіраванне аўтамабілем п’янаму.
Суд прыгаварыў мінчаніна да двух гадоў «хатняй хіміі» і штрафу ў памеры 4200 рублёў.
Скрыншот відэа МУС
