Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай №28 ад 25 красавіка абнавіла тарыфы на перавозкі пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.
Напрыклад, тарыф на перавозкі пасажыраў на рэгіянальных лініях эканомкласа павялічаны на 11 капеек за адну зону праезду. Цяпер ён будзе складаць 52 капейкі за зону. Прапарцыйна вырас і тарыф за кіламетр праезду — на 1,1 капейкі да 5,2 капейкі за кіламетр.
Тарыфы на перавозкі гарадскімі лініямі цяпер вар’іруюцца ад 2,54 рубля да 6,48 рубля. Раней яны складалі ад 2 да 5,1 рубля.
Тарыфы на перавозкі рэгіянальнымі лініямі бізнес-класа вар’іруюцца ад 5,12 рубля да 168,28 рубля ў залежнасці ад класа, адлегласці і тыпу цягніка. Раней яны складалі ад 4,42 рубля да 145,07 рубля.
Таксама вызначаны кошт праязнога білета і плацкарты для розных відаў перавозак, тарыфы і кошт дзіцячых білетаў і інш.
Гэтай жа пастановай МАРГ абнавіў гранічныя максімальныя тарыфы на паслугі транспартных тэрміналаў, як чыгуначных, так і аўтамабільных.