Аляксандр Лукашэнка расказаў пра перамовы з ЗША, падчас якіх абмяркоўваецца вызваленне палітвязняў. Адказваючы на пытанні журналістаў, ён паведаміў, што акрамя гэтай тэмы на сустрэчах гучыць пытанне аднаўлення працы амерыканскага пасольства, піша БелТА.
“Абмяркоўваем нашы двухбаковыя адносіны, пачынаючы ад аднаўлення нармальнай працы пасольства да вызвалення так званых палітвязняў. Хаця ў нас такіх артыкулаў няма, — сказаў ён. — І ім і тут кажу: калі хтосьці паспрабуе паўтарыць 2020 год, а там мы ўсе з вамі хлябнулі ў 2020 годзе, — рэакцыя будзе найжэстачайшая. Скажу больш: не зважаючы ні на якія законы. Я буду на гэта найжорстка рэагаваць”.
Лукашэнка заявіў, што павінен дзейнічаць так, як трэба, — перш за ўсё, “у імя дзяцей і будучых пакаленняў”.
“Вось і ўсё. Чалавечы падыход. Зыходзячы з таго досведу, да якога вы мяне прывучылі і навучылі”, — сказаў ён.
“Так, яны хочуць вызваліць. Я ім жартам сказаў: “Хлопцы, я вас разумею, вы хочаце вызваліць тых, каго вы калісьці нанялі, каб нас зрынуць, — дадаў палітык. — Ну што, мы будзем на гэтым жыць і будзем адзін супраць аднаго стаяць? Час мяняецца. Жыць жа трэба. І пытанне ж не ва мне. А пытанне ў краіне”.
“Так, педалююць у тым ліку з падачы нашых уцекачоў гэтую тэму палітвязняў. Калі ласка: 100, 200… Я не ведаю, колькі іх там чалавек. У іх пастаянна гэтая лічба павялічваецца”, — заявіў ён.
Паводле яго сцвярджэння, з Беларусі вызваленых не выганяюць, але яны павінны выконваць закон.
“Вось, каб вы да іх прэтэнзій не мелі і не дай бог зноў не пасадзілі [просяць перамоўшчыкі]. Я кажу: “Пасадзім. Як толькі літару закона пераступілі — як да ўсіх”. А што, міністра ўчора ці пазаўчора пасадзілі, а на іх глядзець будзем? Закон для ўсіх адзін. Парушыў закон — ідзі. Вось такая шчырая размова, — сказаў Лукашэнка. — Застацца хочуць — калі ласка. Але ў рамках існуючага прававога поля”.
