Парадак дня перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з ЗША ўключае 10 пытанняў, якія ахопліваюць санкцыі і іншыя тэмы. Пра гэта ён заявіў сёння ў Дрыбінскім раёне.
“Мы вядзём з імі перамовы. Годна. Вывеўшы за дужкі Расію і Кітай. Гэта не абмяркоўваецца”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Нагадаем, пра будучы візіт амерыканскай дэлегацыі Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся ў мінулую нядзелю, наведваючы сетку хуткага харчавання “Мак.бай”. На тыдні з’явілася інфармацыя, што спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл 18 сакавіка прыедзе ў Вільню, а затым адправіцца ў Мінск.
“Абмяркоўваем нашы двухбаковыя адносіны, пачынаючы ад аднаўлення нармальнай працы пасольства да вызвалення так званых палітвязняў. Хаця ў нас такіх артыкулаў няма. І эканамічныя пытанні, і санкцыі — усё ў комплексе. Там пытанняў дзесяць. Вядзём з імі перамовы па ўсіх пытаннях. Пытанняў куча”, — працягнуў Лукашэнка.
“Я буду весці з імі размову толькі з гэтых пазіцый. Нічога там пад іх падстройвацца не будзем. Яны гэтага і не патрабуюць. Яны зразумелі, што гэтага не будзе”, — дадаў ён.
Асобна ён спыніўся на тэме палітвязняў. Лукашэнка зноў паўтарыў, што палітычных артыкулаў КК у Беларусі няма.
“І ім і тут кажу: калі хтосьці паспрабуе паўтарыць 2020 год, а там мы ўсе з вамі хлябнулі ў 2020 годзе, — рэакцыя будзе найжэстачайшая. Скажу больш: не зважаючы ні на якія законы. Я буду на гэта найжорстка рэагаваць”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, трэба дзейнічаць так, як трэба, дзеля дзяцей і будучых пакаленняў.
“Вось і ўсё. Чалавечы падыход. Зыходзячы з таго досведу, да якога вы мяне прывучылі і навучылі”, — сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што ЗША падымаюць пытанне аб вызваленні палітвязняў.
“Так, яны хочуць вызваліць. Я ім жартам сказаў: “Хлопцы, я вас разумею, вы хочаце вызваліць тых, каго вы калісьці нанялі, каб нас зрынуць.
Ну што, мы будзем на гэтым жыць і будзем адзін супраць аднаго стаяць? Час мяняецца. Жыць жа трэба. І пытанне ж не ўва мне. А пытанне ў краіне.
Так, педалююць у тым ліку з падачы нашых уцекачоў гэтую тэму палітвязняў. Калі ласка: 100, 200… Я не ведаю, колькі іх там чалавек. У іх пастаянна гэтая лічба павялічваецца”, — сказаў ён.
Лукашэнка дадаў, што “такіх людзей не выганяюць, але яны павінны выконваць закон”.
“Вось, каб вы да іх прэтэнзій не мелі і не дай бог зноў не пасадзілі. Я кажу: “Пасадзім. Як толькі літару закона пераступілі — як да ўсіх”. А што, міністра ўчора ці пазаўчора пасадзілі, а на іх глядзець будзем? Закон для ўсіх адзін. Парушыў закон — ідзі. Вось такая шчырая размова. Застацца хочуць — калі ласка. Але ў рамках існуючага прававога поля”, — сказаў ён.
