Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці вырашыў апраўдацца за тое, што праверка Узброеных сіл была ініцыяваная ім у абыход Мінабароны.
Мяркуючы з яго слоў, падставай для тлумачэння сталі словы апанентаў Лукашэнкі пра тое, што ён не давярае міністру абароны і Генштабу.
“Ах, не давярае міністру абароны, не давярае Генштабу. Я ўсім давяраю. Але гэта — раптоўная праверка, якую праводзіць Галоўнакамандуючы. І я хачу паглядзець, як у гэтай раптоўнай праверцы будуць дзейнічаць Генштаб і Мінабароны”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, было выдадзена сакрэтнае распараджэнне аб правядзенні праверкі, у якім быў выкладзены яе задумы. Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч выехаў у выбраную вайсковую частку з пакетам дакументаў. Да праверкі таксама быў прыцягнуты кіраўнік КДК Васіль Герасімаў.
“Вось чаму міма Генштаба і міністра абароны. Але міністр абароны адразу ж быў пастаўлены ў вядомасць па змесце майго распараджэння.
Што я няправільна зрабіў? А калі вайна? Што будзем рабіць? Я павінен быць упэўнены, што нашы вайскоўцы не дарэмна ядуць хлеб”, — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што папярэднія вынікі праверкі «нібыта нядрэнныя».
“Менш за адзін працэнт тэхнікі выйшаў са строю. Цярпіма. Хаця і гэтага не павінна быць”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, важным этапам стаў марш-кідок на 5 км, з якім вайскоўцы справіліся, аднак ён праходзіў не з поўнай выкладкай. Лукашэнка нагадаў, што, калі ён служыў у пагранвойсках, то выконвалі марш-кідкі на 15 км і ў поўнай выкладцы. Ён падкрэсліў, што фізічная падрыхтоўка вельмі важная.
“Калі бяжыць добра, страляць умее — будзе жыць. Элементарна. Вось я і правёў гэтую праверку. Беглі, «памiралi», неслі на плячах… Уначы стралялі, удзень стралялі. Холадна было. А што? Хтосьці будзе чакаць, пакуль цёпла будзе? Гэта ж вайна. Афіцэры сябе лепш паказалі, чым салдаты. Гэта па папярэдніх звестках”, — сказаў ён.
Лукашэнка звярнуў увагу, што Мінабароны таксама праводзіць праверку, ужо па ўласнай праграме.
“У іх свая праграма нечаканай праверкі, яна цяпер ідзе. Я назіраю. Міністр абароны нечакана прыехаў, падымае”, — сказаў ён.
