Літва разгледзіць магчымасць замарозкі або канфіскацыі беларускіх актываў. Дадзенае пытанне будзе разгледжана на пасяджэнні Дзяржаўнага савета абароны, якое адбудзецца ў сярэдзіне месяца. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю LRT прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.
“Цяпер мы абмяркоўваем іншыя пытанні, якія будуць закрануты на наступным Дзяржаўным савеце абароны. Перш за ўсё пра тое, што такое беларускія актывы і якія магчымыя варыянты ў гэтай галіне, то-бок простая замарозка або канфіскацыя беларускіх актываў, што знаходзяцца ў Літоўскай Рэспубліцы.
Аднак мы павінны вельмі дакладна выбраць стратэгію: ці ідзем мы за заклікам Беларусі аднавіць палітычныя кантакты і, так бы мовіць, паслухмяна ідзем за гэтым заклікам, або шукаем рашэнні, якія таксама адаб’юцца на дабрабыце самой Беларусі?” — сказаў ён.
Наўседа лічыць, што не выпускаючы грузавікі літоўскіх перавозчыкаў і настойваючы на перамовах, Мінск дамагаецца змянення пазіцыі Літвы.
“Беларусі не патрэбныя нашы бізнесмены, як і не патрэбныя ёй іншыя нашы пасярэднікі. Ёй трэба прызнаць вынікі выбараў 2020 года і канкрэтна зняць санкцыі.
Любая наша спроба звярнуцца да рэжыму, як яны яго называюць, на палітычным узроўні скончыцца вельмі простым і прамым пытаннем: «Вы дапаможаце нам зняць санкцыі з калійных угнаенняў?».
І ў гэтым выпадку нам трэба будзе вельмі хутка вырашыць, што робіць Літва і ці не перакульвае яна ўсё з ног на галаву, што мы рабілі апошнія гады, гаварылі пра каштоўнасці, гаварылі пра тое, што беларускі рэжым цесна супрацоўнічае з расійскім у вайне ва Украіне. Дык што, ці прыйдзецца нам адразу забыць усе гэтыя прынцыпы, змяніць іх?” — сказаў Наўседа ў адказ на пытанне, ці не мог бы чалавек з бізнесу выступіць перамоўцам з афіцыйным Мінскам.
Прэзідэнту Літвы таксама было зададзена пытанне, ці былі намёкі ад ЗША пра магчымасць зняцця санкцый з “Беларуськалія”.
“Па-першае, не, мы такіх прамых заклікаў дакладна не чулі. Мы стараемся даць нашым партнёрам у ЗША дакладна зразумець, што адбываецца тая ж гібрыдная атака на Літву, якая ўжо была здзейснена некалькі гадоў таму з дапамогай мігрантаў, і што Літва не можа не адрэагаваць на яе, таму амерыканскі бок разумее нашу праблему.
Так, яны хацелі б унесці свой уклад у вырашэнне гэтай праблемы, але застаецца пытанне, якой цаной. Пастаянныя заклікі беларускага боку пачаць кансультацыі на палітычным узроўні азначаюць толькі адно — не пасярэдніцтва нейкага канкрэтнага чалавека, а выразную пасадку за стол перамоваў. Вось іх бачанне — гаварыць пра санкцыі. І гэта будуць санкцыі, якія ўжывае не Літва, а ўвесь Еўразвяз, і ўжывае іх па вельмі і вельмі сур’ёзных прычынах.
Ці змянілася нешта ў гэтым выпадку? Ці стала Беларусь менш значным саюзнікам Расіі ў вайне супраць Украіны? Нічога падобнага. Больш за тое, ідзе эскалацыя, на тэрыторыі самой Беларусі размяшчаецца тактычная ядзерная зброя, магчыма, будзе разгорнуты «Арэшнік», а фактычна тэрыторыя Беларусі з’яўляецца цалкам свабоднай транзітнай пляцоўкай для расійскіх вайскоўцаў”, — адказаў Наўседа.
Трэба адзначыць, што нядаўна іншы літоўскі палітык, былы прэм’ер-міністр Саўлюс Скверняліс выказваў прапанову выкарыстоўваць беларускія актывы ў Літве для кампенсацыі перавозчыкам кошту транспартных сродкаў у выпадку іх канфіскацыі ў Беларусі.