Літоўская паліцыя выявіла ў лесе каля мяжы з Польшчай целы двух загінулых мігрантаў

Паліцыя Літвы ў чацвер раніцай выявіла ў лесе каля населенага пункта Руштэнай Вілкавішскага раёна целы двух чалавек. Прыкмет гвалту не выяўлена. Загінулым, мужчыну і жанчыне, на выгляд 30-35 гадоў. На месцы здарэння былі затрыманыя 8 мігрантаў, у тым ліку адна жанчына. Яны не мелі дакументаў.

Як паведамляе BNS са спасылкай на паліцыю, два чалавекі былі шпіталізаваныя, шасцярых перадалі пагранічнікам.

Высвятляюцца абставіны здарэння. Пачата дасудовае расследаванне для ўстанаўлення прычыны смерці.

Месца здарэння знаходзіцца прыкладна ў 10 км ад мяжы Літвы і Польшчы. У Службе аховы дзяржмяжы выказалі здагадкі, што мігрантаў маглі прывесці ў Літву з Латвіі. Далей іх высадзілі і адправілі перасякаць літоўска-польскую мяжу пешшу. На польскім баку, верагодна, павінен быў чакаць іншы перавозчык.

Затрыманыя прадставіліся грамадзянамі Эфіопіі, Алжыра, Емена і Эрытрэі.

Замежнікаў змесцяць у цэнтр рэгістрацыі, затым іх павінны перадаць латвійскаму боку.

Паводле інфармацыі пагранічнікаў, у гэтым годзе ўжо было затрымана каля 500 замежнікаў, якія прыбылі ў Літву з Латвіі, дзе яны, верагодна, перайшлі мяжу з боку Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.