Намеснік старшыні АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў зварот у Камісію фінансавага нагляду Польшчы з просьбай даць тлумачэнні ў сувязі з блакіроўкай польскімі банкамі мабільных прыкладанняў беларусаў.
Банкі блакіруюць прыкладанні ў грамадзян Беларусі без дзейных відаў на жыхарства.
Зварот у камісію быў накіраваны 19 лістапада. Таксама 4 снежня Павел Латушка запытаў сустрэчу з кіраўніцтвам PKO Bank Polski для абмеркавання ўзніклай сітуацыі.
“Павел Латушка ў сваіх зваротах патлумачыў, што тысячы грамадзян Беларусі легальна знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і знаходзяцца ў чаканні далейшай легалізацыі на падставе віду на жыхарства. Легальнасць іх знаходжання вынікае з артыкула 108 закона аб замежніках: «Знаходжанне замежніка на тэрыторыі Рэспублікі Польшча лічыцца легальным з дня падачы заявы да дня, калі рашэнне па справе аб прадастаўленні дазволу на часовае знаходжанне стане канчатковым.
Таксама ў звароце падкрэсліваецца, што спасыланне банкаўскіх устаноў Польшчы ў якасці падставы для адмовы ў абслугоўванні банкаўскіх рахункаў грамадзян Беларусі, якія не маюць дзейны від на жыхарства, на падставе санкцый ЕС, з’яўляецца неабгрунтаваным і празмерным выкананнем банкаўскіх патрабаванняў (overcompliance) і не можа служыць падставай для мер па блакіроўцы банкаўскіх мабільных прыкладанняў (рахункаў) для грамадзян Беларусі, якія легальна знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы”, — расказалі ў НАУ.
Акрамя таго, накіраваны звароты фінансаваму амбудсмену Польшчы, а таксама ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў і Генеральны дырэктарат па фінансавай устойлівасці, фінансавых паслугах і рынках капіталу (FISMA) Еўракамісіі.
Дадатковы запыт быў накіраваны ў Камісію фінансавага нагляду ў сувязі з выпадкамі адмовы ў адкрыцці або прадаўжэнні рахунку на падставе часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC).
“Раней, у адказ на зварот Паўла Латушкі, KNF прадстаўляў пісьмовае тлумачэнне пра тое, што TZTC з’яўляецца дакументам, які сведчыць асобу, на падставе якога можна адкрыць рахунак у банку (ліст KNF ад 17 чэрвеня 2025 года). Пасля гэтага грамадзянам Беларусі, якія падалі дакументы на міжнародную абарону, пачалі адкрываць рахункі на падставе TZTC”, — гаворыцца ў паведамленні.