Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка праінфармаваў чэшскі бок аб сітуацыі з працяглымі рэпрэсіямі ў Беларусі. Наяўныя даныя ён агучыў на сустрэчы ў пасольстве Чэхіі ў Варшаве, прымеркаванай да Міжнароднага дня правоў чалавека, паведамляе прэс-служба АПК.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі беларуских незалежных СМІ і недзяржаўных арганізацый.
«Наша найважнейшая мэта — вызваленне ўсіх палітвязняў з турмаў Лукашэнкі, але стратэгічнай мэтай з’яўляюцца дэмакратычныя змены ў Беларусі», — заявіў Латушка.
Палітык нагадаў, што на сённяшні дзень, паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1217 палітвязняў, а паводле даных Dissidentby — 1273. Паводле яго слоў, Лукашэнка вызваліў у чатыры разы менш палітвязняў, чым было прызнана пасля апошняга вызвалення 11 верасня 2025 года.
«Трэба вельмі ўважліва і рэалістычна глядзець на тое, што Лукашэнка не змяняе сваёй рэпрэсіўнай палітыкі», — адзначыў ён.
Павел Латушка падкрэсліў важнасць пазіцыі ЕС, якую агучыла ў Бруселі Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас: ЕС будзе працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, адзначаючы неабходнасць «ізаляваць, у тым ліку з дапамогай дадатковых санкцый, рэжым, які ўжо чатыры гады дапамагае Расіі весці агрэсіўную вайну супраць Украіны».
Ён звярнуўся да чэшскага боку з просьбай падтрымліваць пазіцыю АПК аб тым, што спачатку рэжым павінен пайсці на дыялог з беларускім грамадствам, дэмакратычнымі інстытутамі, пайсці на рэальныя змены ў сваёй палітыцы, і толькі пасля гэтага можа разлічваць на змяненне пазіцыі ЕС.
«Важна, каб Лукашэнка бачыў адзінства ў пазіцыі ЕС у адносінах да яго злачыннага рэжыму і разумеў, што пазіцыя ЕС не зменіцца, пакуль рэжым не пойдзе на рэальныя змены ў сваёй унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыцы», — падкрэсліў ён.
Таксама прадстаўнік АПК праінфармаваў пасла і чэшскіх дыпламатаў аб дзейнасці Кабінета і Каардынацыйнай Рады і звярнуўся з просьбай аб падтрымцы з боку ўрада Чэхіі прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.
Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Чэхіі праводзяць такую сустрэчу штогод. Перадумовай стала ініцыятыва прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана. 9 снежня 1988 года ён сустрэўся за сняданкам з прадстаўнікамі Хартыі-77 на чале з чэшскім дысідэнтам Вацлавам Гавелам, які стаў у выніку прэзідэнтам Чэхіі, у пасольстве Францыі ў Празе.