У пункце пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы затрыманы кіроўцы аўтобуса «Мінск — Варшава». Яны спрабавалі правезці ў Польшчу цыгарэты і лекавыя прэпараты, паведамляе Палата падатковай адміністрацыі ў Беластоку.
Падчас агляду аўтобуса польскія мытнікі знайшлі 50 ампул гармону росту, 20 упаковак прэпаратаў ад дыябету і атлусцення, а таксама 40 пачкаў цыгарэт. Яны былі схаваныя ў прыборнай панэлі, пад ашалёўкай столі і ў кіроўчым сядзенні. Кошт тавару ацэньваецца амаль у 36 тысяч злотых (9800 долараў).
У кантрабандзе лекаў прызнаўся 38-гадовы кіроўца аўтобуса. У дачыненні да яго распачата крымінальна-падатковая вытворчасць. Таксама яму пагражае крымінальная адказнасць за незаконны ўвоз лекавых прэпаратаў у Польшчу.
Другі кіроўца, 58-гадовы мужчына, прызнаўся ў кантрабандзе цыгарэт. Яго аштрафавалі на 800 злотых (217 долараў).
