Рэйс «Белавія» рабіў пасадку ў Анкары з-за дрэннага самаадчування пасажыра. Самалёт ляцеў з егіпецкага Шарм-эль-Шэйха ў Мінск. Ён сеў у Анкары 24 жніўня ў 23:30. На жаль, чалавек памёр.
«Экіпаж прымаў усе меры для аказання дапамогі. Яшчэ перад пасадкай бортправаднікі абвясцілі па гучнай сувязі пра тое, што патрабуецца падтрымка медыцынскіх работнікаў. На заклік адгукнуліся два кваліфікаваныя ўрачы. Пасажыру была праведзена сардэчна-лёгачная рэанімацыя.
Камандзір паветранага судна прыняў рашэнне аб выкананні экстранай пасадкі, каб аператыўна перадаць пасажыра медыкам. На жаль, нягледзячы на ўсе прынятыя намаганні, выратаваць жыццё пасажыра не ўдалося», – распавялі ў авіякампаніі.
Самалёт пасля дазапраўкі вылецеў з Анкары ў 2:50 25 жніўня і прызямліўся ў Мінску ў 7:42.
«Мы дзякуем пасажырам гэтага рэйса за праяўленую ў сацыяльных сетках тактоўнасць у адносінах да сітуацыі, а таксама да родных і блізкіх пасажыра.
Авіякампанія выказвае спачуванні сваякам пасажыра, глыбока суперажываючы іх гору», – дадалі ў кампаніі.
