Беларуская кампазітарка і арганістка Вольга Падгайская, якая цяпер жыве і працуе ў Варшаве, прэзентавала свой новы студыйны альбом «Organ Works». Кружэлка выйшла на польскім саблейбле Opus-series.com і ўжо даступная для праслухоўвання.
Паводле аўтаркі, гэты альбом — глыбока асабістая і інтымная гісторыя пра жыццё ў часы татальнай нявызначанасці, трывогі і грамадскага напружання. Кожны твор на кружэлцы ствараўся як рэакцыя на сучасныя выклікі — унутраны страх, гнятлівую цішыню, вострую патрэбу ў чалавечай блізкасці і, нягледзячы ні на што, пошук святла. Гэта спроба зафіксаваць унікальныя чалавечыя эмоцыі і калектыўны досвед апошніх гадоў, перакладзеныя на мову музычных гукаў.
У цэнтры музычнага сусвету альбома знаходзяцца менавіта арганы. Падгайская па-майстэрску спалучае гэты велічны інструмент з сучаснай музычнай мовай і тонкай гукавой чуллівасцю.
У альбом увайшлі дзевяць твораў.
Сама творца на сваёй старонцы ў Facebook не хавае эмоцый ад доўгачаканага рэлізу і дзякуе вялікай камандзе, якая дапамагла праекту здзейсніцца:
«Сябры, з радасцю дзялюся выдатнай навіной — выйшаў альбом з маёй арганнай музыкай! Так узрушана бачыць, як гэтыя трэкі зараз атрымліваюць новае жыццё на запісе. Шчыра дзякую ўсім, хто спрычыніўся да стварэння гэтага выдавецтва і дапамог рэалізаваць гэты праект», — напісала кампазітарка.
Сярод тых, каму аўтарка выказала асабістую падзяку за падтрымку і сумесную працу над рэлізам — Лукаш Паўляк (Łukasz Pawlak), Віталь Апаў, Павел Машковіч (Paweł Moszkowicz), Ксенія Каўко, Юлія і Яўген Канаплянікі, Сяргей Шабохін, Іван Монцік, Таццяна Сцепанюк, Павел Сініла, Кузьма Папакуль, Іван Карызна, Дарыуш Пшыбыльскі (Dariusz Przybylski) і Вячаслаў Барок.


Вольга Падгайская — беларуская кампазітарка, арганістка, удзельніца міжнароднага калектыву Five-Storey Ensemble. Яна з’яўляецца аўтаркай шматлікіх сімфанічных, камерных і органных твораў, а таксама музыкі да кіно (у тым ліку да класічных нямых стужак). Творы Падгайскай рэгулярна гучаць на прэстыжных еўрапейскіх пляцоўках і буйных міжнародных форумах, сярод якіх знакамітыя Salzburg Festival (Аўстрыя) і Beethovenfest Bonn (Нямеччына).
Падрабязнасці пра рэліз і спасылкі на набыццё дыска «Organ Works» можна знайсці тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram