Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што Еўрапейскі саюз захоўвае санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Сёння падчас прэс-падыходу перад пасяджэннем Рады ЕС па замежных справах у яе спыталі, ці не спрабуюць паўплываць на саюз Злучаныя Штаты, якія абвясцілі пра зняцце санкцый з беларускага калію.
“Ну, гэта рашэнні Еўрапейскага саюза, і мы, вы ведаеце, улічваем нашы стратэгічныя мэты, якія заключаюцца ў тым, каб аказаць ціск на прыгнятальнікаў і іх памагатых, і менавіта таму ў нас дзейнічаюць санкцыі. Такая наша палітыка”, — адказала яна.
Гаворачы пра парадак дня сённяшняга пасяджэння, Калас адзначыла, што будзе прынята рашэнне аб пашырэнні санкцый у дачыненні да так званага ценявога флоту РФ. Акрамя таго, будзе абмяркоўвацца пытанне фінансавання Украіны. Таксама ў парадку дня — Арменія, Блізкі Усход, Кітай.