Ядзерныя боепрыпасы дастаўлены ў палявыя пункты захоўвання ў Беларусі. Пра гэта паведаміла Мінабароны Расіі.
“У рамках вучэнняў ядзерных сіл забяспечана дастаўка ядзерных боепрыпасаў у палявыя пункты захоўвання пазіцыйнага раёна ракетнай брыгады ў Рэспубліцы Беларусь. Асабовым складам ракетнага злучэння Рэспублікі Беларусь выконваюцца вучэбна-баявыя задачы атрымання спецыяльных боепрыпасаў для аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу “Іскандэр-М”, аснашчэння імі ракет-носьбітаў і скрытнага вылучэння ў прызначаны раён для падрыхтоўкі да правядзення пускаў”, — гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным расійскімі агенцтвамі.
ТАСС таксама апублікавала відэа. У роліку грузавікі МАЗ выязджаюць з ангара, затым рухаюцца па лясной дарозе. У цёмны час сутак дэманструецца разгрузка. Пазней ужо ў светлы час сутак паказана аснашчэнне комплексу “Іскандэр”.


