Іран прапанаваў Беларусі выкарыстоўваць свае парты

Галоўнае
Фото: Минпром

Іран прапануе Беларусі выкарыстоўваць свае паўднёвыя парты для гандлю з Індыяй, краінамі Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Пра гэта заявіў міністр прамысловасці, горназдабыўной прамысловасці і гандлю Ірана Мохамад Атабак, выступаючы на 18-м пасяджэнні змешанай беларуска-іранскай міжурадавай камісіі, пішa Tehran Times.

На пасяджэнні таксама абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў эканамічнай, камерцыйнай, навуковай, культурнай і інвестыцыйнай сферах. Атабак заявіў пра неабходнасць вырашэння праблем у банкаўскай сферы і пытанняў транзіту для кіроўцаў, каб забяспечыць прадказальную і эфектыўную гандлёвую дзейнасць.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі, міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў заявіў, што Беларусь гатова пашыраць супрацоўніцтва з Іранам у сферы эканамічных і прамысловых тэхналогій, фармацэўтыкі, медыцынскага абсталявання, машынабудавання, бытавой тэхнікі, харчовых прадуктаў і сельскагаспадарчых тавараў.

Сярод прыярытэтаў узаемадзеяння ў бліжэйшай перспектыве Кузняцоў назваў транспарт, транзітныя калідоры, навуковую адукацыю і культурны турызм.

Міністэрства прамысловасці Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі Ірана таксама дасягнулі пагаднення аб сумеснай вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і калійных угнаенняў, паведамляе IRNA.

Бакі дамовіліся, што Іран будзе пастаўляць у Беларусь прадукты і імпартаваць з Беларусі сельскагаспадарчыя сыравінныя матэрыялы. Тэгеран выказаў гатоўнасць забяспечыць транзіт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў трэція краіны.

Таксама дасягнута дамоўленасць аб пастаўках беларускага калію, які будзе часткова перапрацоўвацца ў Іране.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны