Інтэрпол паведаміў польскай паліцыі пра публікацыю «чырвоных паведамленняў» аб вышуку дзвюх асоб, абвінавачаных у здзяйсненні дыверсій на чыгунцы ў Польшчы.
«17 снежня гэтага года Генеральны сакратарыят Інтэрпола праінфармаваў Бюро міжнароднага паліцэйскага супрацоўніцтва Галоўнага ўпраўлення паліцыі аб публікацыі чырвоных паведамленняў у дачыненні да асоб, падазраваных у здзяйсненні актаў тэрарыстычнага сабатажу ад імя разведвальных службаў Расійскай Федэрацыі ў Гарвалінскім павеце 15–16 лістапада гэтага года», — гаворыцца ў паведамленні польскай паліцыі.
Нагадаем, што польская пракуратура раней прад’явіла абвінавачанне двум грамадзянам Украіны — Яўгену Іванову і Аляксандру Кананаву. Адразу пасля здзяйснення дыверсій, яшчэ да таго, як іх асобы былі ўстаноўлены, яны выехалі з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь праз памежны пераход Цярэспаль–Брэст.
21 лістапада прэс-служба МЗС Беларусі выступіла з заявай, у якой гаварылася, што беларускія кампетэнтныя органы супрацоўнічаюць з польскімі калегамі і ў краіне праводзяцца «актыўныя вышуковыя дзеянні». Аднак пасля гэтага ніякай дадатковай інфармацыі па справе не публікавалася.
Варта адзначыць, што беларускае МУС працягвае супрацоўніцтва з Інтэрполам. Прадстаўнікі сілавых структур удзельнічалі ў мерапрыемствах міжнароднай паліцэйскай арганізацыі. У красавіку гэтага года Беларусь экстрадыравала ў Аўстрыю чалавека, які знаходзіўся ў міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола.