Сёння падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам «Гарызонта» быў прадэманстраваны даільны робат. Фатаграфію з адпаведным подпісам апублікавала прэс-служба Лукашэнкі.
На здымку можна ўбачыць маніпулятар, падобны да прамысловага робата, які, мяркуючы па ўсім, павінен надзяваць даільныя шклянкі на вымя каровы. Пры гэтым у кадр не трапіла іншае абсталяванне даільнай устаноўкі. Трэба адзначыць, што ў вядомых мадэлях даільных робатаў замежных вытворцаў у асноўным выкарыстоўваюцца іншыя маніпулятары для надзявання даільных шклянак.
Нагадаем, у апошні час Аляксандр Лукашэнка рэгулярна заяўляў пра неабходнасць стварыць робатызаванае даільнае абсталяванне. У прыватнасці, ён папракаў Акадэмію навук у тым, што навукоўцы не ў стане зрабіць такога робата.
«Віцэ-прэм’ера паклікаў, кажу: памры, але зрабі робат на сваёй ферме. Ён мне заявіў, што цяпер праходзяць выпрабаванні другога варыянту, да будучага года зробім. Дзе былі вы?» — гаварыў ён.
Пра даільнага робата Лукашэнка казаў і падчас Усебеларускага народнага сходу.
Як вынікае з сённяшняга паведамлення, быў прадстаўлены макет аўтаматызаванай даільнай устаноўкі на аснове робатызаванага маніпулятара з элементамі штучнага інтэлекту распрацоўкі ААТ «H Холдынг». Адзначаецца, што «прадукт пакуль не гатовы да масавай вытворчасці, але працэс ідзе».
«Зробіце — не пашкадуем нічога для вас. Таму што для нас гэта важна. Гэта наша будучыня, калі мы хочам працягваць забяспечваць уласную харчовую бяспеку. Калі, мужыкі, вы гэта зробіце, вы зробіце вялікую справу. Нам патрэбны вынік», — адрэагаваў Лукашэнка.