Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў паспрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.
Для нас важна фіксаваць і аналізаваць культурныя працэсы і творы, якія адбываюцца і ў Беларусі. Сёння «герой» нашага праекта — прадукт надзвычай спецыфічны, але сімптаматычны — беларускае кіно, якое цяпер ідзе ў беларускіх кінатэатрах.
Як вы можаце здагадацца, гэта новыя карціны «Беларусьфільма», на якія ў прымусовым парадку зганяецца глядач. Адмыслова для Reform.news кінакрытык Арцём Дар схадзіў на паказ аднога з апошніх кінахітоў дзяржаўнай кінастудыі — драму пра маладую настаўніцу «Класная», якая з верасня ідзе ў рэспубліканскім пракаце. Як вынік паўстаў гэты тэкст у жанры экспрэсіўнай публіцыстычнай крытыкі.

***
«Так, дзеці, сфатаграфаваліся каля плаката, – камандуе настаўніца з мабільнікам у руках. – Гэта для справаздачы… – тлумачыць яна. – Я магла і не ісці, але загад. Спачатку будзем выконваць, а потым падумаем. Усе ў залю – карціна пачынаецца», – з такой сцэнкі распачынаецца мой паход на фільм «Класная» кінастудыі «Беларусьфільм» .
На экране – вывераная гісторыя пра настаўніцу, якую размеркавалі ў аграгарадок, дзе гераіню сустракаюць пышным тортам. У глыбокай правінцыі дзяўчына зазнае поўнае працоўнае і асабістае шчасце. Саладжавая карціна Кірыла Халецкага «Класная», на якую масава зганялі школьнікаў і настаўніц, – гэта фільм-фетыш, што адрозніваецца ад стужак савецкіх і сталінскіх.
Прорва фетышаў і фетышыкаў
З падачы сэксолагаў Альфрэда Бінэ і Рычарда фон Крафт-Эбінга «фетышызм – гэта цяга да нежывых прадметаў (фетышаў), якія служаць стымулятарамі сэксуальнага ўзбуджэння і разрадкі» (дарэчы, прадметы, якія ўзбуджэнне гасяць, – антыфетышы). Але раней фетышызмам называлася вера першабытных тубыльцаў, якія пакланяліся кавалкам дрэва і косткам. Надалей фетышызм знайшлі ў гандлі (таварны фетышызм) і ў палітыцы (партыя як фетыш; правадыр як фетыш). Карацей, паўсюль, дзе частка засланяе сабой цэлае, дзе боты замест гераіні вылазяць на авансцэну і прымушаюць сабе пакланяцца, ёсць фетыш і ёсць акт фетышызму.
Стужка «Класная» Кірыла Халецкага па сцэнары Андрэя Курса — гэта нагрувашчанне фетышаў, і гэтым запамінаецца. Кіно ўражвае колькасцю сцягоў, сцяжкоў дый іншых дзяржаўна-ідэалагічных сімвалаў у кадры. Аніводная савецкая школьная карціна пра школу гэтым не выхваляецца.
Не заўважныя савецкія сцягі ні ў «Раскладзе на паслязаўтра», ні ў «Дажывём да панядзелка», не гаворачы ўжо пра прызабытых «Ціхіх троечнікаў». А ў карціне 1930-х гадоў «Канцэрт Бетховена» партрэт правадыра з’яўляўся толькі ў важным моманце стужкі. Нават у гісторыка-рэвалюцыйных фільмах савецкія сімвалы прыберагалі для сакральна-пафасных сцэн.
Прыкметнымі – і навязлівымі – савецкія сімвалы сталі толькі ў перабудовачным кіно: бюсты Леніна ў «Астэнічным сіндроме», купы сцягоў у «Прорве» і «Нашым бронецягніку» крычалі пра нездаровае варожае асяроддзе.
У фільме «Класная» настрой супрацьлеглы – чырвона-зялёная атрыбутыка сведчыць хіба пра паслужлівы экстаз чыноўніц, якія дэманструюць добранадзейнасць. Атрыбутыкі гэтай з пераборам: сцягі і сцяжкі на вуліцах, калектыўнае выкананне гімна, урок пра 17 верасня з дзіцячымі малюнкамі і каментаром дырэктара (калі не да ўсіх дайшлі ранейшыя тлумачэнні класнай), экскурсія вучняў у музей Вялікай Айчыннай вайны. У чырвоным кутку школьнай выставы – пракурорская кніга пра «Генацыд беларускага народа», а пяцікласнікі пішчом лезуць у кадр яркімі піянерскімі гальштукамі (у савецкім кіно гэта абыклая дэталь убрання).

І, нарэшце, самае важнае, самае бясцэннае: на экране кніга «Наш прэзідэнт» з партрэтам такім дарагім, такім мілым, такім вусатым і такім святым, што ўсе ўдзельнікі сцэны захлынаюцца ад нябеснага шчасця. Дырэктар, які трымае кнігу ў руках, сувора млее ад гонару, ягоная намесніца – кабета-сухар – стогне ад невымоўнае радасці, а галоўная гераіня ціха ўсхліпвае, дзякуючы за прэзідэнцкую навуку.
Ужо не проста партрэт прэзідэнта, а кніга з ягоным партрэтам, каляровая, тоўстая, бліскучая, выданая цэлай інстанцыяй чыноўнікаў, чыноўніцаў, падчыноўніц і ўплішчаная імі ў фільм. Не проста сцягі ў кадры – прыдуманыя на савецкі ўзор і ўведзеныя галоўным аб’ектам чыноўнага шчасця – а процьма сцягоў, сцяжкоў, гальштукаў, безліч – прорва фетышаў, фетышыкаў, фетышні. Гэта сама бюракратычная інстанцыя, апрануўшы чырваназелле, паказвае сябе. Фетышыст выстаўляе калекцыю, чыноўніцтва дае справаздачу.
Зялёна-чырвоныя фетышы – божышчы з машыны, здольныя вырашыць усе праблемы і прыкрыць дзіркі ў школьным кінасюжэце.
Паралізаваны школьнік раптам пачынае хадзіць, але ж нам паказалі ў дастатковай колькасці правільную атрыбутыку. Гераіня знянацку палюбіла вясковае жыццё з калегам-суседам: заняткі пра 17 верасня – крыніца цуду!

Захоп публічнай прасторы
У наш час ідэалагічныя фетышы распладзіліся не толькі ў кіно: яны ў бібліятэках, крамах, музеях – і захапілі ўсю публічную тэрыторыю, усё, да чаго яны толькі могуць дацягнуцца.
У сярэднявечным палацы вы абавязкова наткняцеся на стэнд пра «бел-чырвона-белых нацыстаў» (прыклад антыфетышу), а ў дзіцячым тэатральным гуртку на самым пачэсным месцы будуць вісець Гімн і Герб (фетышы). Пра плошчы і вуліцы беларускіх гарадоў і гаварыць не прыходзіцца.
У 2020 годзе вуліцы поўніліся святлом і чырваню. Потым – светлыя колеры затушылі і растапталі; на фасадах дамоў, на флагштоках, на плакатах і стэндах зазмяілася і папаўзло чырвона-зялёнае; яго тыкалі шмат і паўсюль. Цяпер яго нават крыху менш, але плошчы і вуліцы сталі стэрыльнымі.
Захоп публічнай прасторы ўрачыстаю трупнаю расфарбоўкай паказаны яшчэ ў папярэдняй стужцы Халецкага «Культурны код». Студэнцкая халтурка саступае нават прапагандысцкім фільмам далёка не таленавітай беларускай тэлевізіі, тым больш няварта яе параўноўваць з таталітарна-міфалагічнымі карцінамі Лені Рыфеншталь.
Залік атрыманы – і гэта ўсё.
Мёртвыя вуліцы засталіся.
Калі на дэбютных «Кіношніках» Халецкі не ведаў, як, што і навошта здымаць, то на «Культурным кодзе» ён засвоіў, навошта фільмы ставіць. На «Класнай» жа выканаўцы яўна падказалі рэжысёру, што ў ігравым кіно пажаданы пэўны ўзровень акцёрскага майстэрства. Аднак падказаць, як атмасферна зняць і склеіць адрасныя кадры, ужо не знайшлося каму.
Я мушу дадаць, кароткія асабістыя стужкі Халецкага – калі меркаваць па ўрыўках у сеціве – маюць сваю аўру, напрыклад, у «Антракце», дзе акцёры правінцыйнага тэатра сварацца за роль Дон Кіхота. Але там сціснутая прастора грымёркі-закутка. З адкрытымі прасторамі ў рэжысёра – бяда.
Магчыма, што адсутнасць паветра на далёкіх і агульных планах звязаныя з дробным тэлевізійным і тык-токаўскім фарматам, дзе такія планы – проста нязначныя і пустыя «перабіўкі», але магчыма, што адказ – і страшней, і сур’ёзней.
Халецкаму 24 гады. Ён нарадзіўся, вучыўся і пасталеў у часы аўтарытарнага панавання, і ён, як ягоныя раўналеткі, не ведае іншых часоў. Што, калі адсутнасць душы ў грамадскай прасторы – гэта не проста вынік рэпрэсій і прыстасавання, а ўжо няздольнасць быць свабодным?

Якога беларуса новага часу мы бачым у фільме?
«Класны» ідэал – гэта чалавек, які падпарадкоўваецца.
Падпарадкоўваецца бяздумна, без пярэчанняў, спачатку падаўляючы ўласныя думкі, а потым на аўтаматызме – з адкрытым ад шчасця ртом і слязьмі радасці на вачах.
Падпарадкоўваюцца ўсе: юная настаўніца (у выкананні акторкі Ірыны Мароз), якая не хоча ехаць у вёску, упартыя і непаслухмяныя школьнікі; дасведчаныя настаўнікі, бацькі і нават дырэктар (Віктар Рыбчынскі) – людзі толькі шрубкі і шрубочкі ў машыне падпарадкавання, стабільнасці і парадку.
Хамства і гвалт, як сродак ціску не хаваюцца: імі ганарацца і выстаўляюць напаказ. Рэзка абсякае дачку-настаўніцу прыдзяржаўленая матуля, якая патрабуе змірыцца з нястачамі і прыгонніцтвам, затыкае рот дзяўчыне чыноўнік, па-панску сыграны міністрам культуры Русланам Чарнецкім, на бязлітаснай дысцыпліне настойвае намесніца дырэктара.
З дзецьмі выкарыстоўваюцца падман і маніпуляцыі; ім прапануюць пагуляць у таемныя таварыствы з жалезнымі правіламі, іх спакушаюць ваўчком і бразготкамі, але маніпуляцыі гэтыя заўважныя голым вокам.
Калі ў савецкім кіно класава недасведчаным прапаноўвалася разгорнутая сістэма аргументацыі і матывацыі – ад лекцый пра Карла Маркса да пякучай зайздрасці, – то тут няма анічога, акрамя безапеляцыйнага «трэба!» дый бліскучага грабеньчыка для туземкі.
Трэба, трэба падпарадкоўвацца фетышам з іхнімі куцымі гісторыямі, бо іншага апраўдання чырвона-зялёнай улады не было і не будзе; іншага шляху сацыялізацыі – ты гэта чуеш, няўдзячны народзец? – няма.
Бо ў коле фетышыкаў і фетышаў ёсць адзін самы галоўны, з вусамі і лысінай.
І яму падпарадкоўваецца ўсё.

Мужчыны вылегчаныя, а жанчыны – фурыі на службе ідэалогіі
У свеце, дзе ўсё круціцца вакол сіплагалосага шчасця, мужчыны пакладаныя, а жанчыны – фурыі на службе дзяржаўнай ідэалогіі.
Не відаць бацькі ў галоўнае гераіні, затое ёсць прававерная маці, гатовая перагрызці горла за трупна-чырвоную зеляніну. Айчым паралізаванага хлопчыка – ціхі алкаголік, якога настаўніцы прывучаюць да працы дворніка; загадчык гаспадаркі з сябрам – мітуслівыя недарэкі, а фізкультурнік выглядае патомным заморкам.
Закаханы ў галоўную гераіню выкладчык інфарматыкі баіцца хват-бабы – загадчыцы інтэрната, затое ён ветлівы хатні кухар. Нават дырэктар школы, у адрозненне ад сваёй намесніцы, вагаецца і сентыментальнічае, калі трэба неадкладна пакараць падначаленых.
Карацей, мужчына заўжды мямля, заўжды дае слабіну там, дзе ідэалагічна падкаваная жанчына ніколі не сагнецца. (Дарэчы, адзіны вынятак у стужцы – персанаж Руслана Чарнецкага – але толькі праз набліжанасць міністра культуры да першага Цела.)
Школьная фурыя, не змяніўшы нават касцюму намесніцы, чытае пад навагодняй ялінкай сентыментальныя радкі пра маскоўскага матылька – і выбівае віртуальныя слёзы. Імгненне, каб паспачуваць сухару, адчуць, што і дзяржаўная функцыя – чалавек. Але ўсё гэта толькі для таго, каб потым слухачы служылі радасна, ад душы, каб ззялі ад шчасця ў промнях спракаветнай улады.
Дзеці – агенты хаосу, якія шкодзяць нявіннай уладзе
Як і ў перабудовачным кіно, «класныя» дзеці – агенты хаосу і патэнцыйныя іншадумцы.
Адзін з хлопчыкаў спрабуе гуляць у дэмакратыю, прэтэндуе на лідарства і нават дзеля захопу ўлады выкарыстоўвае электаральныя правілы, пакінутыя папярэдняй настаўніцай.
Другі падлетак не такі нахабны і «збеглы»: ён не ходзіць у школу не таму, што ўсумніўся ў аўтарытэце, а таму што паралізаваны. Але «ўнутраны дысідэнт» куды небяспечнейшы за «палітычнага» аднакласніка, бо без штохвіліннага кантролю хлопчык заглыбіўся ў кніжкі і нават вычытаў нешта добрае пра шляхту. Страшна падумаць, магчыма, нават, што разумны падлетак – падпольны каталік.

У любым выпадку дзяцей трэба асвяціць дзяржаўнай ідэалогіяй, зацягнуць іх хаця б на пазашкольныя навагоднія забавы, даць ролю, атуліць іх апекаю «Генацыду беларускага народа» пад музыку рускіх класікаў.
Што пры гэтым важна, калі здарыцца нешта страшнае, настаўнікі без правіны. Увогуле, калі ў Беларусі праз служылых цябе знявечылі ці забілі, то ніхто за гэта не адкажа: гэта будзе твая віна. Тым болей, калі ты – дзіця.
Дзіця ў стужцы ламае хрыбет – халатная (а надалей заслужаная) настаўніца вучыць школьнікаў хаваць і трымаць сакрэты; падлетак тоне ў палонцы, але гэта ягоны клопат, каб на школьным прадстаўленні выглядаць здаровым і свежым; ягоная выхавацелька, якая завяла падлетка на лёд, надалей ганарыцца ідэалагічнай службай у аграгарадку.
Калісьці ў беларускай карціне «Расклад на паслязаўтра» настаўнікі вучылі дзяцей свабодзе і адказнасці за свае ўчынкі, бо самі былі ўзорам для іх.
Але цяпер іншыя часы.
Настаўніцтва радыкальна змянілася
Сучасны беларускі настаўнік – гэта зусім не чалавек Кнігі. Выхаваны, пісьменны, паважаны Асветнік ці Асветніца, якія сеюць разумнае, добрае, вечнае. Цяпер гэта ўсяго толькі дробная дэталька ў машыне кантролю і мілітарызму, што рыхтуе мяса для фетышаў і войнаў.
Колішняя «Сельская настаўніца» сталінскіх часоў пачынала выкладаць яшчэ да рэвалюцыі, у атмасферы служэння народу, які глядзеў на асветніцу з глыбокай пашанай. Пісьменнасць, якую несла настаўніца, дапамагала думаць, планаваць, разважаць лагічна і на складаныя тэмы.
Цяпершчына – гэта ўжо не часы друку, а часы Цік-Току, калі ўвага не можа трымацца даўжэй за пяць секундаў. Веды зрынутыя з п’едэсталу, крык і істэрыка вядуць рэй.
Ад прэстыжу настаўніцкае прафесіі таксама нічога не засталося. Настаўніцамі пагарджаюць усе: чыноўнікі, якія абкладаюць іх бязглуздымі папярова-кантрольнымі абавязкамі на тры паверхі; міліцыя, якая арыштоўвае выкладчыц проста падчас урокаў. Імі грэбуюць бацькі і нават дзеці, якія бачаць перад сабою зацюкана-агрэсіўных істот на электаральна-прапагандысцкай службе. Сёння гонар беларускай настаўніцы танейшы за капыта занядбанай каровы.
Але гэта яшчэ не ўсё.
«Сельская настаўніца», якая ехала на вёску з пакліканнем, была цэнтрам асветы і выхавання. Яна арганізоўвала, вырашала, адукоўвала і ўзвышала. Выкладчык і настаўніца раней – гэта постаці цэнтру, гарантаваны шлях у сацыяльнай кар’еры.

Сучасная «класная», якую прымусам саслалі ў аграгарадок – гэта даўншыфтарка, якая нічога не вырашае, але атрымлівае асалоду ад спрашчэння.
У савецкай сістэме пяро панавала над штыком, камісар над камандзірам, а партыйны сакратар над мундзірам. Хаця ў цяперашняй класнай настаўніцы твар выхавацелькі дзіцячага саду – выраз ейнага твару ўжо такі, быццам кабета падымае дзяцей у штыкавую атаку. Выхавацелька сама ёсць штыком, сама ёсць зброяй і сама ёсць шрубкаю ўжо не проста сельскай, але мілітарнай, адлічбаванай сістэмы.
Яна ёсць частка культуры гвалту, дзе словы падпарадкоўваюцца кулаку.
***
Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
«Я с риторическим мастерством развил тему «Должны ли мы умереть за славу Муссолини и бессмертную судьбу Италии?» Мой ответ был положительным. Я был умным мальчиком.»
~ Умберто Эко, «Вечный фашизм» («Ur-Fascism»), 1995