Фестываль Lidbeer у Лідзе пройдзе 29 жніўня. «Вам не падалося, Lidbeer’2026 быць», — напісалі ў сацсетках арганізатары.
Раней, у сакавіку, з’явілася інфармацыя, што фэст не адбудзецца «па прычынах, якія не залежаць ад арганізатараў».
Вяртанне фэсту патлумачылі тым, што сёлета адзначаецца 150-годдзе кампаніі «Лідскае піва». А таксама – наяўнасцю шматлікіх просьб вярнуць фестываль.
Фестываль Lidbeer — адзін з найбуйнейшых у Беларусі, штогод ён збірае больш за 100 тысяч гасцей. У 2023-м фестываль адбыўся ў верасні пасля трохгадовага перапынку. Яго прымеркавалі да 700-годдзя Ліды. Фэст быў бясплатны і з іншымі арганізатарамі. Хэдлайнерам стаў беларускі сімфанічны аркестр Classic Energy, чыім кавер-версіям Nirvana, Queen і Bon Jovi падпяваў шматтысячны натоўп.
У 2024 годзе замест фестывалю Lidbeer правялі «ХарчФэст», прысвечаны харчовай прамысловасці Гродзенскай вобласці. Хэдлайнерам канцэрта была Вольга Бузава, якая знаходзіцца пад санкцыямі за падтрымку вайны. У 2025-м сярод хэдлайнераў таксама былі расійскія выканаўцы.
«Той Лідбір, дзе былі Акеан Эльзы, Крамбабуля і Пятля Прыхільнасці на адной сцэне назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. Цікава, канешне, хто будзе хэдлайнерам у гэты раз?», – пішуць у каментах (правапіс захаваны).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
