Беларускае ААТ «КБ Радар», якое ўваходзіць у сістэму Дзяржкамваенпрама, укараняе штучны інтэлект у сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
Прэс-служба камітэта паведаміла, што прадпрыемства завяршае распрацоўку аўтаматызаванага пункта кіравання (АПК) «Рось». Навінка прызначаная для аўтаматызаванага і неаўтаматызаванага кіравання сродкамі радыёманіторынгу і радыёпадаўлення каналаў сувязі, перадачы даных і спадарожнікавай навігацыі.
Асаблівасцю распрацоўкі названа глыбокая інтэграцыя ШІ. Паводле інфармацыі камітэта, яна дазваляе не толькі выяўляць крыніцы радыёвыпраменьванняў, але і пралічваць развіццё радыёэлектроннай абстаноўкі, аўтаматычна выбіраючы рэжымы падаўлення без шкоды для ўласных каналаў сувязі.
«Упершыню рэалізаваная магчымасць атрымліваць даныя ад сродкаў радыёчастотнага маніторынгу паветранай абстаноўкі. Гэта дазваляе своечасова выяўляць беспілотнікі, прагназаваць іх маршрут і выбіраць найбольш эфектыўныя спосабы процідзеяння», — дадалі ў камітэце.
Таксама зніжаецца нагрузка на аператараў.