Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі ў 2025 годзе склаў 6,975 млрд долараў. За год ён вырас на 29,9%. Такія даныя сёння апублікаваў Белстат.
Беларускі экспарт у мінулым годзе вырас на 2,6% да 41,4 млрд долараў, а імпарт тавараў павялічыўся на 5,8% да 48,37 млрд долараў.
У гандлі з краінамі СНД экспарт беларускіх тавараў павялічыўся на 5,6% да 30,46 млрд долараў. Імпарт пры гэтым рос хутчэй. Ён павялічыўся на 7% да 28,13 млрд долараў. Прафіцыт у гандлі таварамі з краінамі СНД склаў 2,335 млрд долараў, што на 8,3% менш, чым у 2024 годзе.
Экспарт за межы СНД у мінулым годзе скараціўся на 4,9% да 10,93 млрд долараў, а імпарт вырас на 4,3% да 20,24 млрд долараў. Дэфіцыт гандлю з краінамі па-за СНД склаў 9,31 млрд долараў, што на 17,6% больш, чым за 2024 год.
У снежні беларускі экспарт паказаў прыкметны рост. Ён павялічыўся на 31,7% у параўнанні з аналагічным месяцам 2024 года да 4,2 млрд долараў. Імпарт пры гэтым вырас на 21,3% да 5,18 млрд долараў. Дэфіцыт знешняга гандлю ў снежні склаў 975,5 млн долараў, што на 7,6% больш, чым у снежні 2024-га. Снежаньскі дэфіцыт знешняга гандлю таварамі стаў самым вялікім месячным паказчыкам у мінулым годзе.
У гандлі з краінамі СНД экспарт беларускіх тавараў у снежні вырас на 34,1% да 3 млрд долараў. Імпарт пры гэтым павялічыўся на 22,9% да 2,955 млрд долараў. Прафіцыт знешняга гандлю з краінамі СНД склаў 43,7 млн долараў.
Экспарт тавараў за межы СНД у снежні вырас на 26,2% да 1,2 млрд долараў. Пры гэтым імпарт з гэтых краін павялічыўся на 19,2% да 2,23 млрд долараў, а дэфіцыт знешняга гандлю таварамі з краінамі СНД склаў 1,02 млрд долараў, што на 11,9% больш, чым за снежань 2024 года.
