У Літве перахапілі партыю цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі амаль на 2 млн еўра. Крымінальная мытная служба Літвы мяркуе, што цыгарэты былі выраблены на падпольнай тытунёвай фабрыцы ў Латвіі.
Грузавы аўтамабіль пад кіраваннем грамадзяніна Украіны спынілі каля горада Кармелава ў Літве. Кіроўца заявіў, што перавозіць аднаразовы посуд, але мытнікі заўважылі, што частка каробак у паўпрычэпе адрозніваецца ад астатніх. Грузавік накіравалі на мытню для дэталёвай праверкі.
Мытнікі канфіскавалі 720 каробак цыгарэт Winston Blue (360 тысяч пачак) агульным коштам 1,98 млн еўра. На пачках былі беларускія акцызныя маркі, але літоўская мытня мяркуе, што цыгарэты былі выраблены на падпольнай фабрыцы ў Латвіі, паведамляе літоўская мытня.
Кіроўцу затрымалі на двое сутак. Распачата дасудовае расследаванне.

