Прэс-служба Святланы Ціханоўскай апублікавала кароткі каментар наконт сённяшняй яе сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на цырымоніі памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў у Вільні.
“Для мяне вялікі гонар сустрэцца сёння ў Вільні з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Ён увасабляе мужнасць нацыі, якая адмаўляецца здавацца і працягвае адстойваць сваю свабоду. Яго лідарства нагадвае свету, што годнасць, суверэнітэт і дэмакратыя — каштоўнасці, вартыя абароны.
Наша барацьба — агульная. Наша будучыня — еўрапейская”, — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.
Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас выступлення на памятным богаслужэнні ў Віленскім кафедральным саборы, прысвечаным гадавіне паўстання 1863–1864 гадоў, надаў асаблівую ўвагу сітуацыі ў Беларусі, заявіўшы, што Еўропа і свет павінны былі падтрымаць беларускі народ у 2020 годзе. Ён таксама падзякаваў беларускіх добраахвотнікаў і выказаў упэўненасць, што Беларусь будзе ў еўрапейскай сям’і.
