Святлана Ціханоўская пракаментавала вызваленне чарговай групы беларускіх палітвязняў, падзякаваўшы за намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, яго спецпрадстаўніка Джона Коўла, намесніка памочніка дзяржсакратара Крыса Сміта і амерыканскую адміністрацыю.
«Вялікая радасць і палёгка на сэрцы. 250 палітвязняў на волі і змогуць абняць сваіх блізкіх. Гэта заўсёды самы радасны момант: калі чалавек, які прайшоў праз несправядлівае зняволенне, зноў побач з сям’ёй», — напісала яна ў тэлеграм-канале.
Яна адзначыла, што дзякуючы намаганням ЗША 235 чалавек засталіся дома ў Беларусі. Яшчэ 15 чалавек вывезены ў Літву, дзе ім будзе аказана неабходная падтрымка.
«Я шчыра ўдзячная Дональду Трампу, Джону Коўлу, Крысу Сміту і амерыканскай адміністрацыі, якая нястомна працуе над вызваленнем людзей. Гэтыя гуманітарныя намаганні даюць вынік і ратуюць жыцці. Я таксама дзякую ўсім нашым партнёрам, якія разам з намі настойліва дамагаюцца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення рэпрэсій і рэальных пераменаў у Беларусі», — заявіла палітык.
Разам з тым Ціханоўская падкрэсліла, што многія людзі ўсё яшчэ застаюцца за кратамі.
«Наша мэта — каб на волю выйшлі ўсе, а рэпрэсіі нарэшце спыніліся. Каб кожны і кожная маглі вярнуцца дадому», — заявіла лідар дэмсіл.
Нагадаем, сёння ў Мінску прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла. Лукашэнка заявіў, што гатовы прытрымлівацца дамоўленасцяў з ЗША па палітвязнях.
