У офісе Святланы Ціханоўскай расказалі падрабязнасці яе сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая адбылася 26 мая ў Кіеве.
У ёй таксама ўдзельнічалі міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, першы намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Сяргей Кісліца і намеснік кіраўніка Офіса Ігар Жоўква, а з беларускага боку — намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка і дарадцы Дзяніс Кучынскі і Франак Вячорка.
Ціханоўская падзякавала Зяленскаму за запрашэнне ў Кіеў, падтрымку беларусаў, якія пражываюць ва Украіне, беларускіх уцекачоў і добраахвотнікаў, што ваююць за Украіну. Яна таксама адзначыла, што Украіна вядзе дыялог з беларускім грамадствам, якое не тоеснае рэжыму, назваўшы гэта правільным падыходам, на які павінен арыентавацца ўвесь свет.
Бакі абмеркавалі вайскова-палітычную сітуацыю ў рэгіёне і неабходнасць не дапусціць далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну. Асаблівую ўвагу надалі бяспецы на беларуска-ўкраінскай мяжы і пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі і Расіі.
Суразмоўцы дамовіліся стварыць рабочую каардынацыйную групу па вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне, у тым ліку пытанняў легалізацыі, дакументаў і прававога статусу. Абмяркоўваліся таксама падтрымка беларускіх добраахвотнікаў, лёс беларускіх ваеннапалонных, якія ваявалі за Украіну, і магчымасці вызвалення палітвязняў, асуджаных у Беларусі за падтрымку Украіны. Ціханоўская адзначыла важную ролю ўкраінскага боку ў дапамозе палітвязням, вызваленым намаганнямі ЗША, значная частка якіх была эвакуяваная праз Украіну.
Асобна разглядаліся сумесныя намаганні па супрацьдзеянні расійскай прапагандзе і русіфікацыі, падтрымка беларускіх і ўкраінскіх культурных, моўных і адукацыйных ініцыятыў, а таксама развіццё студэнцкіх і моладзевых абменаў.
Абмяркоўвалася таксама адказнасць рэжыму Лукашэнкі за міжнародныя злачынствы, уключаючы саўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Ціханоўская заклікала Зяленскага падтрымаць цвёрдую пазіцыю ЕС, у прыватнасці Літвы і Польшчы, і не дапусціць паслаблення санкцый — у тым ліку па пытаннях транзіту ўгнаенняў — да сістэмных змен у Беларусі і спынення рэпрэсій.
Бакі таксама разгледзелі магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі ў Беларусі і перспектывы мірнага дэмакратычнага транзіту, у тым ліку праз Нацыянальны круглы стол. Ціханоўская вітала прызначэнне Яраслава Чарнагора паслом па асаблівых даручэннях па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і падкрэсліла важнасць запуску сістэмнай каардынацыі паміж Украінай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Гэта ўжо другая сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага — першая адбылася ў студзені 2026 года ў Вільні.