Беларускія дэмсілы працягваюць працаваць з міжнароднымі партнёрамі з мэтай вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская на прэс-канферэнцыі з вызваленымі ў снежні палітвязнямі.
«Мы вельмі радыя бачыць людзей на волі і вітаем гэты крок з боку рэжыму. Але мы не забываем, што за кратамі застаюцца больш за 1100 чалавек, у тым ліку Анджэй Пачобут, Валянцін Стэфановіч, Мікалай Статкевіч, Марфа Рабкова, Кацярына Андрэева, сотні і сотні іншых. З’яўляюцца таксама новыя палітвязні.
Гэты каток рэпрэсій працягваецца і нават узмацняецца. Мы патрабуем поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і самае важнае — спынення рэпрэсій. Усе палітычна матываваныя крымінальныя справы павінны быць закрытыя. Вызваленыя павінны мець права самастойна выбіраць, заставацца ці з’ехаць. А тыя, хто ў выгнанні, павінны мець магчымасць бяспечна вярнуцца дадому. Мы працягваем працаваць з нашымі міжнароднымі партнёрамі, каб дабіцца гэтых мэтаў», — сказала яна.
Ціханоўская падкрэсліла, што ціск павінен працягвацца, пакуль працягваюцца рэпрэсіі.
«Ціск і санкцыі на рэжым павінны захоўвацца, пакуль працягваюцца рэпрэсіі, тэрор супраць беларусаў, а рэжым працягвае ўдзел у злачыннай вайне супраць Украіны і вядзе гібрыдныя атакі супраць Літвы і Польшчы», — дадала яна.
Святлана Ціханоўская таксама заклікала міжнародных партнёраў павялічыць падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій. Яна выказала падзяку ЗША, Украіне, еўрапейскім партнёрам, а таксама беларускім ініцыятывам і арганізацыям.