Часовая камісія Вярхоўнай Рады абмеркавала праблемы легалізацыі і сацыяльных гарантый для беларусаў

Галоўнае
Фото: t.me/CabinetBelarus

Намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет выступіла на пасяджэнні часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях расследавання магчымых парушэнняў заканадаўства ў сферы абароны, антыкарупцыйнага заканадаўства, а таксама захавання правоў і свабод чалавека ў перыяд ваеннага становішча.

На пасяджэнні, якое адбылося 13 ліпеня, таксама абмяркоўваліся праблемы беларускіх добраахвотнікаў, іх сем’яў і іншых грамадзян Беларусі ва Украіне. У ім таксама ўдзельнічала прадстаўніца фонду BYSOL ва Украіне, валанцёрка Марыя Анімія.

Па выніках слуханняў прадстаўнікі камісіі папрасілі падрыхтаваць пісьмовыя прапановы па змяненні заканадаўства і падзаконных актаў, заявіўшы пра гатоўнасць прапрацоўваць іх сумесна з Кабінетам Міністраў Украіны, Дзяржаўнай міграцыйнай службай і Нацыянальным банкам Украіны, а пры неабходнасці — ініцыяваць адпаведныя заканадаўчыя змены.

Падчас выступлення былі пазначаныя сістэмныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі, іх сем’і і іншыя грамадзяне Беларусі ва Украіне, а таксама прапанаваныя шляхі іх вырашэння па некалькіх напрамках.

Адным з пытанняў стала магчымасць атрымання легальнага статусу для грамадзян Беларусі, якія не могуць бяспечна атрымаць або абнавіць беларускія пашпарты праз рызыку палітычнага пераследу. Таксама абмяркоўвалася ўдасканаленне дзеючых механізмаў легалізацыі.

Па пытанні легалізацыі і міграцыйнага статусу прапанавана ўдасканаліць механізмы легалізацыі для беларусаў, якія не могуць бяспечна атрымаць або абнавіць беларускія пашпарты, у тым ліку за кошт дапрацоўкі пастановы Кабінета Міністраў №141. Таксама ўзнята пытанне аб магчымасці легальнага пражывання і атрымання дакументаў без звароту ў дзяржаўныя органы Беларусі ў выпадках, калі гэта стварае пагрозу палітычнага пераследу.

У сферы сацыяльных гарантый асобная ўвага была нададзена неабходнасці ўнясення змяненняў у пастановы Кабінета Міністраў №884 і №168, каб грамадзяне Беларусі не гублялі права на сацыяльныя выплаты выключна праз сваё грамадзянства. Таксама ўздымаліся пытанні выплат сем’ям зніклых без вестак і загінулых беларускіх добраахвотнікаў.

Удзельнікі слуханняў звярнулі ўвагу на неабходнасць зняцця абмежаванняў, якія не дазваляюць многім грамадзянам Беларусі адкрываць банкаўскія рахункі і, як вынік, афіцыйна працаўладкоўвацца ва Украіне.

Асобна абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з патрабаваннем даведак аб адсутнасці судзімасці, а таксама з немагчымасцю абнавіць беларускія пашпарты без рызыкі палітычнага пераследу. Было падкрэслена, што гэтыя працэдуры патрабуюць асобных прававых рашэнняў.

Махамет таксама звярнула ўвагу на прававую няроўнасць, якая закранае беларусак, што знаходзяцца ў шлюбе з грамадзянамі Украіны. Паводле дзеючых нормаў асобныя механізмы легалізацыі дзейнічаюць для жонак вайскоўцаў, але не распаўсюджваюцца на беларусак, чые мужы — звычайныя грамадзяне Украіны. Было адзначана, што прапанаваныя змены павінны ўлічваць патрэбы не толькі сем’яў вайскоўцаў, але і іншых грамадзян Беларусі, якія не могуць бяспечна абнавіць пашпарты і праз гэта рызыкуюць страціць легальны статус ва Украіне, паведамілі ў прэс-службе АПК.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.