Дырэкцыя Музея Грунвальдскай бітвы адказала на звароты наконт бел-чырвона-белага сцяга

Галоўнае
Фота: podrozepoeuropie.pl

Дырэкцыя Музея Грунвальдскай бітвы адказала на звароты беларускіх палітыкаў у падтрымку петыцыі аб усталяванні бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі. Усталяванне дадатковага флагштока залежыць ад уладаў ваяводства.

Раней Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка і прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі накіравалі дырэкцыі музея лісты ў падтрымку ініцыятывы па ўсталяванні бел-чырвона-белага сцяга на Грунвальдскім полі побач са сцягамі Польшчы, Літвы і Украіны.

У адказе, атрыманым 15 ліпеня, дырэктар музея Шымон Дрэй паведаміў, што ўсталяванне дадатковага флагштока пакуль немагчымае з-за неабходнасці праходжання адміністрацыйных працэдур і атрымання шэрагу дазволаў. Ён адзначыў, што поле, з прычыны яго гістарычнай значнасці, знаходзіцца пад асаблівай аховай Вармінска-Мазурскага ваяводскага ўпраўлення па ахове помнікаў.

«У адказ на вашу просьбу мы правялі папярэднія кансультацыі з ваяводскім упраўленнем па ахове помнікаў і са шкадаваннем вымушаны паведаміць вам, што на дадзены момант няма магчымасці ўсталяваць дадатковы флагшток на ўзгорку з помнікам», — гаворыцца ў адказе.

«Разам з тым хачу адзначыць, што Музей Грунвальдскай бітвы ў Стэмбарку цалкам салідарны з імкненнем беларусаў да свабоды і захавання сваёй гістарычнай ідэнтычнасці. Вельмі спадзяюся, што гэтыя намаганні ў будучыні будуць узнагароджаныя, і беларускі народ зможа будаваць свае традыцыі ў сваёй незалежнай Айчыне», — дадаў дырэктар музея.

Павел Латушка заявіў, што разлічвае на станоўчае заключэнне ваяводскіх уладаў.

«Спадзяюся, што кіраўніцтва ваяводскага ўпраўлення па ахове помнікаў прыме станоўчае рашэнне, і ў будучыні бел-чырвона-белы сцяг будзе лунаць над Грунвальдскім полем і на ўсіх урачыстых мерапрыемствах, прысвечаных гэтай гістарычнай перамозе.

Мы таксама накіруем ліст у ваяводскае ўпраўленне па ахове помнікаў з просьбай скаардынаваць неабходныя працэдуры і выдаць дазвол на ўсталяванне сцяга», — адзначыў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.