Кіраўніцтва абароннага прадпрыемства затрымалі ва Украіне па справе аб выбуху склада боепрыпасаў у Вішнёвым

Навіны
Фото: t.me/SBUkr

Служба бяспекі Украіны паведаміла аб затрыманні генеральнага дырэктара аднаго з абаронных прадпрыемстваў і яго намесніка па вытворчасці па справе аб выбуху склада боепрыпасаў у Вішнёвым Кіеўскай вобласці.

Паводле версіі следства, кіраўнікі прадпрыемства дапусцілі захоўванне боепрыпасаў у складскіх памяшканнях, не прызначаных для гэтых мэт і размешчаных побач з жылой забудовай.

Пасля расійскага ўдару 6 ліпеня на тэрыторыі аб’екта ўзнік пажар, які прывёў да дэтанацыі боепрыпасаў. Згодна з матэрыяламі справы, гэта адбылося з-за таго, што генеральны дырэктар прадпрыемства неналежным чынам арганізаваў вытворча-гаспадарчую дзейнасць, не забяспечыў выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі і нарматыўна-прававых актаў па захоўванні боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Затрыманым паведамілі аб падазрэнні ў службовай халатнасці, якая пацягнула цяжкія наступствы. Следства мае намер хадайнічаць аб абранні ім меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

6 ліпеня ў выніку расійскага ўдару быў паражаны склад боепрыпасаў аднаго з прадпрыемстваў «Укроборонпрама» ў Вішнёвым. Наступная дэтанацыя прывяла да маштабных разбурэнняў. Паводле апошніх даных, загінулі 9 чалавек, яшчэ 18 атрымалі раненні.

Раней «Украінская абаронная прамысловасць» паведаміла аб звальненні кіраўнікоў двух дзяржаўных прадпрыемстваў і шэрагу іншых службовых асоб паводле вынікаў папярэдняга расследавання прычын трагедыі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.