Да канца 2026 года ў Беларусі з’явіцца магчымасць зарэгістраваць хатнюю жывёлу праз Адзіны партал электронных паслуг «Е-Паслуга». Пра гэта паведаміла начальніца аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Святлана Караневіч, піша БелТА.
«Усім вядома, наколькі надзённай цяпер з’яўляецца тэма рэгістрацыі хатніх жывёл. Да канца года такая адміністрацыйная працэдура павінна з’явіцца на партале», — запэўніла яна.
Таксама ў 2026 годзе праз «Е-Паслугу» плануецца запусціць шэраг новых адміністрацыйных працэдур. Сярод іх — атрыманне дазволу на падзел зямельных участкаў, узгадненне перапланіроўкі жылых і нежылых памяшканняў, выдача даведак органаў ЗАГС, а таксама ўзгадненне ўстаноўкі індывідуальных антэн на дахах і фасадах будынкаў.
Паводле яе слоў, сёлета на партале ўжо з’явіліся 87 новых электронных паслуг. У прыватнасці, карыстальнікам стала даступнай падача дакументаў для пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Як адзначыла прадстаўніца цэнтра электронных паслуг, лічбавізацыя адміністрацыйных працэдур не прадугледжвае поўнай адмовы ад асабістага ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі. Напрыклад, пры рэгістрацыі шлюбу праз партал можна будзе толькі падаць дакументы і выбраць дату і месца цырымоніі, а сама рэгістрацыя, як і раней, будзе праходзіць у ЗАГСе.
«Ніякая эмацыянальная складовая нікуды абсалютна не знікае», — падкрэсліла Караневіч.
«Што датычыцца рэгістрацыі дзіцяці, значна прасцей зрабіць гэта, знаходзячыся з ім побач дома, чым звяртацца ў органы ЗАГС асабіста», — дадала яна.