580 грамадзян Пакістана выехалі ў Беларусь і не вярнуліся на радзіму. Даныя былі агучаны генеральным дырэктарам Федэральнага следчага агенцтва (ФСА) Пакістана Усманам Анварам падчас выступлення на пасяджэнні пастаяннага камітэта па ўнутраных справах у Нацыянальным сходзе. Пасяджэнне было прысвечана нелегальнай міграцыі і рэформе ў крымінальным праве, паведамляе пакістанскае выданне The Express Tribune.
Паводле інфармацыі кіраўніка Федэральнага следчага агенцтва, 10 000 пакістанцаў выехалі ў Вялікабрытанію па студэнцкіх візах і затым папрасілі палітычны прытулак у гэтай краіне, 7000 адправіліся ў Азербайджан па турыстычных візах і не вярнуліся, 580 выехалі ў Беларусь і не вярнуліся. Яшчэ 175 пакістанцаў былі арыштаваны ў Лівіі і дэпартаваны ў Пакістан.
У 2025 годзе нелегальная міграцыя з Пакістана скарацілася на 47%, заявіў дзяржаўны міністр унутраных спраў Талал Чаўдхры. У мінулым годзе амаль 40 тысяч пакістанцаў, якія спрабавалі выехаць за мяжу без дакументаў, не выпусцілі з краіны.
Нагадаем, у красавіку 2025 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова прыняць да 150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістана. У маі 2026 года ён падпісаў закон, які вызначае парадак прыезду пакістанскіх працоўных мігрантаў. Польшча, Літва і Латвія рэгулярна паведамляюць пра затрыманні мігрантаў, у тым ліку грамадзян Пакістана, на мяжы з Беларуссю.