BELPOL апублікаваў дакументы, якія пацвярджаюць пастаўкі беларускай прадукцыі для патрэб ваенна-прамысловага комплексу Расіі пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Пасля пачатку вайны «рэжым адразу пачаў не проста прапаноўваць, а навязваць вайсковы тавар Расійскай Федэрацыі», адзначае BELPOL.
Арганізацыя апублікавала даведку пра праблемныя пытанні ўзаемадзеяння з Расіяй, падпісаную намеснікам міністра прамысловасці Казловым. З дакумента вынікае, што ўрад дамагаўся расійскага крэдыту, каб арганізаваць вытворчасць дэталяў рэактыўнага снарада калібру 122 мм на «Легмашы» і артылерыйскага снарада калібру 152 мм на Мінскім падшыпнікавым заводзе. Планавалася, што дэталі да боепрыпасаў будуць закупляцца мінімум 5 гадоў.
Яшчэ адзін прыклад супрацоўніцтва з Расіяй — холдынг «БелОМА», хоць прадпрыемству не адразу ўдалося дамовіцца пра пастаўкі сваёй прадукцыі.
У Расію пастаўляліся грузавікі МАЗ, сістэмы адлюстравання інфармацыі УП «ІТЦ Гарызонт», нарыхтоўкі для рухавікоў рэактыўных снарадаў ТАА «БАЗцьюб», аўтацыстэрны ААТ «Гродзенскі механічны завод», нарыхтоўкі для карпусоў снарадаў ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод», а таксама прадукцыя ААТ «Экран», ААТ «Віцебскі завод электравымяральных прыбораў».
У 2024 годзе адбыўся рэзкі рост паставак оптыка-электронных прыцэлаў і іншай оптыкі вайсковага прызначэння. Усяго для Расіі было пастаўлена 105 161 прыцэл розных відаў, далямеры, манакуляры і іншая прадукцыя.
На падставе атрыманых дакументаў BELPOL робіць наступныя высновы:
- “Для вытворчасці ўзбраення ў інтарэсах РФ задзейнічаны не толькі ДВПК РБ, але і прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці.
- У працэс арганізацыі работ па пастаўках узбраення актыўна ўцягнутыя вышэйшыя службовыя асобы Беларусі.
- Лукашэнка і яго клан з’яўляюцца надзейнымі і актыўнымі памочнікамі РФ у развязанай ёю агрэсіўнай вайне.
- Перад міжнародным трыбуналам павінен паўстаць не толькі Лукашэнка, але і яго памочнікі”.