“Белгазпрамбанк” паведаміў, што карты плацежнай сістэмы Visa яго эмісіі не будуць абслугоўвацца на тэрыторыі ЕС.
“Паводле рашэння міжнароднай плацежнай сістэмы Visa з 19 сакавіка 2026 года аперацыі з выкарыстаннем картак Visa “Белгазпрамбанка”, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі краін Еўрапейскага саюза (у тым ліку ў інтэрнэт-крамах, зарэгістраваных на тэрыторыі такіх краін), абслугоўвацца не будуць”, – гаворыцца ў паведамленні банка.
Паводле інфармацыі банка, у Беларусі і іншых краінах, акрамя краін ЕС, карты працягваюць працаваць. Таксама ў ранейшым рэжыме працягне працаваць сэрвіс наведвання залаў аэрапортаў па праграме Dragon Pass.
Банк рэкамендуе сваім кліентам аформіць для аперацый на тэрыторыі ЕС карту сістэмы Mastercard або выкарыстоўваць ужо наяўную.
“Калі ў вас смартфон на базе аперацыйнай сістэмы Android, з усталяванымі мабільнымі прыкладаннямі DailyFin або BGPB mobile, то нават знаходзячыся па-за межамі Беларусі вы можаце аформіць віртуальную картку Mastercard. Дадаўшы яе ў Samsung Pay або Swoo, вы працягнеце бесперашкодна ажыццяўляць плацяжы з дапамогай мабільнай прылады”, – гаворыцца ў паведамленні банка.
Раней “Альфа-Банк” таксама паведаміў, што яго карты сістэмы Visa перасталі працаваць у еўрапейскіх краінах.
