Беларускае выдавецтва сюррэалісцкай літаратуры «Nadia» выдала калектыўны зборнік твораў Андрэ Брэтона, Рэнэ Шара, Поля Элюара ў перакладзе на беларускую мову.
Кніга «Знізь хуткасць работы» выйшла ў перакладах Ліны Зо, Веры Бакстэр, Міхала Клімава.

Згодна з канцэптуальнай лініяй зборніка, рэдакцыйная калегія прапанавала падзяліць працу над тэкстам паміж трыма перакладчыкамі. Падобная шасцігалосая транспазіцыя высветліла вершы зусім новым, нечаканым святлом раней не бачаных прамяністасцей, а галасы трох паэтаў сталі ўзмацняльнікамі галасоў перакладчыкаў.
Арыгінальны зборнік з трыццаці вершаў быў цалкам складзены ўсяго за 5 дзён, з 25 па 30 сакавіка 1930 года, падчас сумеснага адпачынку трох паэтаў у Авіньёне на поўдні Францыі. Назвай для кнігі паслужыў дарожны знак, які кампанія ўбачыла на шляху да горада. Да вершаў былі падрыхтаваныя прадмовы, і ўжо 20 чэрвеня зборнік выйшаў з друку ў выдавецтве Хасэ Карці.
«Знізь хуткасць работы» з’яўляецца плёнам супрацы адразу трох паэтаў: правадыра групы Андрэ Брэтона, Поля Элюара, аднаго з самых плённых яе ўдзельнікаў, а таксама Рэнэ Шара, які прыяднаўся да суполкі за некалькі месяцаў да гэтага. Беручы за аснову формулу Лётрэамона: «Паэзіяй павінны займацца ўсе, а не хтосьці адзін», сюррэалісцкая суполка ад самага заснавання пастанавіла ідэю суаўтарства як адзін з найкаштоўнейшых арыенціраў сваёй дзейнасці.
Карыстаючыся фройдаўскай метадалогіяй як адной з крыніц рэвалюцыйнага светапазнання, сюррэалісты збліжалі тэхніку вольных асацыяцый з метадам аўтаматычнага пісьма ― фіксацыяй не свядомых вербальных плыней па-за гнятлівым кантролем свядомасці, па-за любой эстэтычнай альбо маральнай прадузятасцю.
Кнігу «Знізь хуткасць работы» на беларускай мове можна скачаць у pdf-фармаце.
Ініцыятыва «Nadia» збірае таксама архіў сюррэалісцкага пісьма, з тэкстамі якога можна пазнаёміцца на сайце.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
