Грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева прысудзілі да 22 гадоў пазбаўлення волі па справе аб выбухах у Северамуйскім тунэлі 29 лістапада 2023 года і на перагоне Перавал – Гарачы Ключ Усходне-Сібірскай чыгункі 30 лістапада 2023 года. Прыгавор вынес 2-гі Усходні акружны ваенны суд Расіі 18 снежня.
Ерамеева прызналі вінаватым ва ўдзеле ў тэрарыстычнай супольнасці, здзяйсненні тэрарыстычных актаў, праходжанні навучання з мэтай ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці, незаконнай кантрабандзе выбуховых прылад і іх захоўванні.
«Судом устаноўлена, што ў кастрычніку 2023 года, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Ерамееў падчас зносін з неўстаноўленай асобай у мэсэнджарах Signal і Telegram за грашовае ўзнагароджанне пагадзіўся ўступіць у тэрарыстычнае супольніцтва, мэтамі якога былі арганізацыя, планаванне, падрыхтоўка, фінансаванне і рэалізацыя тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таксама вербаванне, узбраенне і навучанне іх непасрэдных выканаўцаў», — заяўляе прэс-служба суда.
Паводле матэрыялаў справы, Ерамееў атрымаў каардынаты схову ў Беларусі, забраў адтуль самаробныя выбуховыя прылады з пультамі дыстанцыйнага кіравання, якія захоўваў у сябе ў гаражы, а таксама «прайшоў навучанне мінна-выбуховай справе і тэрарыстычнай дзейнасці падчас зносін у мэсэнджары Signal з удзельнікамі тэрарыстычнага супольніцтва».
Па версіі абвінавачання, у лістападзе 2023 года Ерамееў перавёз выбуховыя прылады з Беларусі ў Расію, пасля чаго ўсталяваў іх на ўчастку Усходне-Сібірскай чыгункі і ў цягніках, актываваў пульты кіравання, а астатнія выбуховыя прылады схаваў у лесе.
***
Сяргей Ерамееў — грамадзянін Беларусі 1971 года нараджэння. Ён працаваў прыбарыстам у службе КІПіА на ААТ «Нафтан», у 2020 годзе ўдзельнічаў у стачцы. Вядома, што пасля затрымання Ерамеева ваззілі на следчыя дзеянні ў Беларусь.