Прадстаўнік Беларусі выступіў на Форуме АБСЕ па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі ў Вене, заклікаўшы заходнія краіны аднавіць прафесійны дыялог па ваеннай лініі. Падставай стаў заклік брытанскай дэлегацыі на папярэднім пасяджэнні форуму да Беларусі адмовіцца ад дзеянняў і рыторыкі, якія «мілітарызуюць рэгіён АБСЕ».
Беларускі бок адхіліў абвінавачанні, заявіўшы, у сваю чаргу, пра “беспрэцэдэнтны рост ваенных выдаткаў” краін НАТА і ЕС.
Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік» беларускі бок назвала “вымушаным” адказам на нарастальную “ваенна-палітычную напружанасць” каля межаў краіны і “дэградацыю механізмаў кантролю” над узбраеннямі.
“Беларусь не ўцягваецца ў безразважную гонку ўзбраенняў, радыкальна павялічваючы ваенныя выдаткі. У гэтым пытанні мы зыходзім з прынцыпу разумнай дастатковасці. Аднак, калі адбываецца эскалацыя ваенна-палітычнай напружанасці, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці каля нашых межаў, адсутнічаюць надзейныя гарантыі бяспекі, дэградуюць механізмы кантролю над узбраеннямі і меры ўмацавання даверу, мы вымушаны прымаць дадатковыя меры па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі. Сярод іх — размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік», — цытуе выступленне беларускага прадстаўніка прэс-служба МЗС.
Ён назваў дзеянні Беларусі “суразмернымі нарастаючым выклікам і пагрозам нацыянальнай бяспекі і ўзроўню эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне”.
“Яны носяць выключна абарончы характар і ажыццяўляюцца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам, уключаючы Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі”, — заявіў ён.
Паводле слоў прадстаўніка Беларусі, краіна на працягу чатырох гадоў заклікае да дэпалітызаванага дыялогу па ваеннай лініі, аднак заходнія партнёры ад яго ўхіляюцца.
“Дэлегацыя Беларусі зноў заклікае краіны — удзельніцы АБСЕ адмовіцца ад логікі канфрантацыі і аднавіць прафесійны дыялог, асабліва па ваеннай лініі, для аднаўлення даверу і стварэння на еўрапейскім кантыненце прасторы роўнай і недзялімай бяспекі”, — заклікаў ён.
