16–17 сакавіка ў Мінску адбылася планавая сустрэча спецыяльных прадстаўнікоў Беларусі і Расіі для агляду дзеяння міждзяржаўнага Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Прадстаўнік Беларусі, намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта і прадстаўнік РФ, намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Грушко абмеркавалі сітуацыю ў галіне бяспекі на межах Саюзнай дзяржавы «ва ўмовах працяглай мілітарызацыі дзяржаў — членаў ЕС і НАТА».
Таксама абмяркоўваліся практычныя аспекты рэалізацыі палажэнняў Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы ў кантэксце выканання Дагавора аб гарантыях бяспекі. Бакі абмяняліся меркаваннямі аб санкцыях.
«Удзельнікі сустрэчы пацвердзілі супадзенне падыходаў Беларусі і Расіі адносна актуальных выклікаў і пагроз бяспекі Саюзнай дзяржавы, шляхоў супрацьдзеяння і барацьбы з імі. Акцэнтавалі значнасць Дагавора як трывалай асновы для паглыблення супрацоўніцтва Беларусі і Расіі па забеспячэнні эфектыўнай абароны Саюзнай дзяржавы», — паведамляе МЗС Беларусі.
Наступная сустрэча пройдзе ў Маскве восенню гэтага года.



