Беларусь гатова прапанаваць інвестарам пляцоўкі для размяшчэння дата-цэнтраў, бо ў краіне назіраецца прафіцыт электраэнергіі. Пра гэта заявіў старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка пасля нарады ў Лукашэнкі.
“Мы ўсе бачым цяпер, якім чынам развіваюцца і воблачныя вылічэнні, і асабліва штучны інтэлект. Гэта патрабуе вялікіх аб’ёмаў спажывання энергіі. Сярэдні цэнтр апрацоўкі даных спажывае столькі электраэнергіі, колькі 50 тыс. домагаспадарак. Гэта невялікі горад. Аналітыкі прагназуюць, што попыт на энергарэсурсы ў свеце будзе толькі ўзрастаць — менавіта на электраэнергію”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, у свеце цяпер запатрабаваныя паслугі дата-цэнтраў, асабліва для працы штучнага інтэлекту.
“Таму з улікам таго, што ў нас прафіцыт электраэнергіі ў краіне, я думаю, што мы цалкам здольныя прапанаваць выгадныя ўмовы для інвестараў і партнёраў — тых, хто зацікаўлены ў размяшчэнні ў нас такіх магутнасцяў. Думаю, гэта вельмі перспектыўны напрамак, і ўпэўнены, што ўрад гэтым абавязкова зоймецца”, — сказаў ён, перадае БелТА.
Трэба адзначыць, што гэта не першая ідэя выкарыстання прафіцыту электраэнергіі, які ўтварыўся ў краіне пасля запуску БелАЭС. Раней таксама на нарадах у Лукашэнкі абмяркоўвалася выкарыстанне энергетычнага патэнцыялу для майнінгу. У Беларусі ўжо працуюць майнінгавыя фермы з замежным капіталам.
